26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі сёння стартуе цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ) і цэнтралізаванае тэсціраванне (ЦТ) у адзіныя тэрміны, паведамляе БЕЛТА.
Сёння адбудзецца ЦЭ па прадмеце на выбар для 11-класнікаў і ЦТ па прадмеце на выбар для выпускнікоў мінулых гадоў і выпускнікоў каледжаў. ЦЭ ў гэтым годзе здадуць больш за 56 тыс. выпускнікоў 11-х класаў. Пройдуць іспыты ў 144 пунктах. Найбольш запатрабаванымі прадметамі сталі руская мова - яе выбралі больш за 46 тыс. выпускнікоў, матэматыка - амаль 19 тыс. навучэнцаў, і беларуская мова - тэст напішуць больш за 10 тыс. чалавек.
Удзельнік ЦЭ павінен прыбыць у пункт правядзення, маючы пры сабе пропуск, дакумент, які засведчвае асобу (пашпарт, ID-картка (пластыкавая смарт-картка), пасведчанне на права жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, пасведчанне бежанца, даведка, якая выдаецца ў выпадку страты (крадзяжу) дакумента, які засведчвае асобу), ручку (гелевую або капілярную) з чарнілам чорнага колеру, калькулятар (толькі на ЦЭ па хіміі і фізіцы). Удзельнікі ЦЭ, якія раней не зарэгістраваны або не маюць пры сабе дакумента, што засведчвае асобу, да праходжання ЦЭ не дапускаюцца. Таксама не напіша іспыты ўдзельнік ЦЭ, які прыбыў пасля адкрыцця пакета з экзаменацыйнымі работамі.
Трэба памятаць, што на іспыты не дазваляецца праносіць, а таксама выкарыстоўваць у аўдыторыях, дзе праводзіцца ЦЭ, любыя прадметы, акрамя дакумента, які засведчвае асобу, ручкі (гелевай або капілярнай) з чарнілам чорнага колеру, пропуска, калькулятара (толькі на ЦЭ па хіміі і фізіцы). Забаронена таксама фальсіфікаваць даныя ў месцы рэгістрацыі бланка адказаў, мяняцца месцамі, экзаменацыйнымі матэрыяламі, выкарыстоўваць дапамогу іншых для выканання экзаменацыйнай работы, уносіць інфармацыю ў бланк адказаў пасля заканчэння часу, адведзенага на выкананне экзаменацыйнай работы, мець пры сабе сродкі сувязі, электронна-вылічальную тэхніку, фота-, аўдыё- і відэаапаратуру, шпаргалкі, выносіць з аўдыторый і пункта правядзення ЦЭ экзаменацыйныя матэрыялы, лісты для рабочых запісаў, пісьмовыя заметкі, фатаграфаваць экзаменацыйныя матэрыялы, размаўляць, абменьвацца любымі матэрыяламі і прадметамі з іншымі ўдзельнікамі ЦЭ, самавольна выходзіць з аўдыторыі і перамяшчацца па пункце правядзення ЦЭ без суправаджэння педагагічнага работніка па-за аўдыторыяй. Парушальнік выдаляецца з аўдыторыі. Ён зможа прайсці ЦЭ па гэтым вучэбным прадмеце ў іншы тэрмін у жніўні бягучага года.
Удзельнік ЦЭ, які не з'явіўся на іспыты альбо вызвалены ў час яго правядзення па ўважлівых прычынах, праходзіць іх у рэзервовыя дні і (або) іншыя тэрміны.
Інфармацыю аб выніках ЦЭ можна будзе атрымаць на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.-0-
Да спіса