4 чэрвеня, Пекін /Кар. БЕЛТА/. Позіркі многіх дзяржаў, у тым ліку і Беларусі, звернуты на Пекін. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вы вельмі правільна адзначылі асноўную асаблівасць цяперашняга часу - беспрэцэдэнтны націск з боку Захаду на нас, перш за ўсё на Кітайскую Народную Рэспубліку. І сёння позіркі многіх дзяржаў, як і Беларусі, звернуты на вас - на Пекін", - падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, яшчэ 5 гадоў таму гаварылі: "Калі Кітай вытрымае, значыць, планета будзе ўраўнаважана і будзе існаваць".
"Сёння ўжо гавораць: "Кітай вытрымаў, вытрымае і Кітай не дазволіць зламаць сусветны парадак. У гэтым перакананы многія-многія народы. Кіраўнікі дзяржаў, з якімі я сустракаўся, мне аб гэтым гаварылі", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што вельмі цэніць дружалюбнасць свайго кітайскага калегі: "Яна падкрэслена тым, што вы запрасілі мяне ў свой дом (сустрэча адбылася ў рэзідэнцыі Сі Цзіньпіна. - Заўвага БЕЛТА). Я вам вельмі ўдзячны і, зразумела, буду чакаць вас у сваім доме".
"Мяне таксама здзіўляе і ўражвае дагэтуль, хоць я 15-ы раз у Кітаі і ў мяне 30-гадовы тэрмін супрацоўніцтва з КНР, ваша стаўленне да гасцей. Паверце, гэта агульнае меркаванне. Мы з прэзідэнтамі, асабліва постсавецкіх рэспублік, часта абменьваемся гэтымі думкамі. У нас аднолькавае меркаванне. І мы гэта разумеем і вельмі цэнім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-