8 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Дзіцячы музычны конкурс, выставы, канцэрт зорак-блогераў - якія першыя мерапрыемствы XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" чакаюць гасцей маштабнага форуму, карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў дырэкцыі фестывалю.
Цэнтральнай падзеяй дня стане першы этап XXIII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск". Юныя вакалісты з 14 краін на сцэне Канцэртнай залы "Віцебск" упершыню ў гісторыі творчага спаборніцтва прадставяць саўндтрэкі з вядомых мультфільмаў. Гонар Беларусі будзе адстойваць 12-гадовая Амалія Сухан. У яе выкананні гледачы пачуюць песню з анімацыйнага фільма "Кароль Леў" і ўбачаць цікавыя касцюмы, створаныя спецыяльна для гэтай кампазіцыі. Кампетэнтнае журы конкурсу ўзначаліць кампазітар, музыкант, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Беларусі "За духоўнае адраджэнне", заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Яўген Алейнік. Пабалець за дзяцей запрашаюць у 18.00.
Яшчэ адно мерапрыемства, якое папярэднічае асноўным канцэртам фестывалю, збярэ таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак. КЗ "Віцебск" ператворыцца ў пляцоўку для танцавальных батлаў. У 12.30 ужо сёмы раз пройдзе міжнародны праект Dream Dance Fest, дзе харэаграфічныя калектывы прадставяць ашаламляльныя нумары і ажывяць залу.
Багатай будзе і музейная праграма фестывалю. У 11.30 у Цэнтральнай выставачнай зале пройдзе прэзентацыя выставы жывых карцін. Мастацкі музей у 15.00 запрашае атрымаць задавальненне ад графічных работ Аляксандра Багданоўскага (Санкт-Пецярбург). У гэты ж час у Духаўскім кругліку наведвальнікі змогуць ацаніць прыгажосць і разнастайнасць народнага касцюма.
Канцэрт-спектакль "Майстар і мандаліна" ў абласной філармоніі прадэманструе, як віртуозна расійскія артысты валодаюць музычнымі інструментамі. Гледачы змогуць атрымаць задавальненне ад гучання мандаліны, домры і аргана ў 18.00.
Маладзёжная тусоўка збярэцца на новай сцэнічнай пляцоўцы ў Віцебскім цэнтральным спартыўным комплексе ў 18.30, каб паслухаць хіты зорак TikTok. Трыбуны стадыёна на час фестывалю ператварыліся ў глядзельную залу на 6 тыс. месцаў. Арганізатары заявілі таксама аўтограф- і фотасесію для гасцей канцэрта з іх любімымі выканаўцамі. Акрамя таго, наведвальнікаў выступлення чакаюць прыемныя сюрпрызы.
У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў 19.00 паклоннікаў Мельпамены чакаюць на спектаклі "Дамы і гусары". Пасля паказу ў гледачоў і журналістаў будзе магчымасць паразмаўляць з акцёрамі і задаць ім пытанні аб тэатры і рабоце над пастаноўкай.
Асноўныя мерапрыемствы XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдуць з 10 па 13 ліпеня.-0-
Да спіса