Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна
Навіны рэгіёна
У Полацку перапахавалі астанкі больш як 1 тыс. мірных жыхароў, расстраляных у гады ВАВ
18.06.2026

У Полацку перапахавалі астанкі больш як 1 тыс. мірных жыхароў, расстраляных у гады ВАВ

18 чэрвеня, Полацк /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. У Полацку перапахавалі астанкі 1022 чалавек, забітых немцамі ў 1941 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Зямлі аддалі астанкі не менш як 1022 савецкіх грамадзян, бязлітасна забітых нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Маштабнае пахаванне было знойдзена ў ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. Пошукавыя работы вяліся з ліпеня па кастрычнік 2025 года. У лясным масіве за 3 км ад Полацка ваеннаслужачыя 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Беларусі знайшлі пяць вялікіх ям-магіл. Эксперты ўстанавілі, што на тым месцы ў жніўні - верасні 1941 года расстралялі сем'і полацкага актыву, удзельнікаў антыфашысцкага падполля і савецкіх байцоў.

Па афіцыйным заключэнні судова-медыцынскай экспертызы, сярод астанкаў пахаваных жыхароў полацкай зямлі было 316 дзяцей і 367 жанчын. З ям дасталі неабвержныя доказы зверстваў фашыстаў - 64 гільзы розных калібраў (у тым ліку 17 з выразнай маркіроўкай СС), а таксама асабістыя рэчы загінулых - наручныя гадзіннікі, партсігар, флакончыкі з жаночымі духамі, жаночыя грабяні-расчоскі, ключы, гузікі ад грамадзянскага адзення, залатыя ўпрыгажэнні, элементы адзення і савецкія манеты. Усе прадметы аддадзены на пастаяннае захоўванне ў Полацкі краязнаўчы музей.

У жніўні - кастрычніку мінулага года на месцы масавага растрэлу пабывалі каля 4,3 тыс. чалавек - школьнікі, студэнты, прадстаўнікі працоўных калектываў Віцебскай вобласці. Яны на свае вочы ўбачылі, якія страшныя сляды пакінулі на шматпакутнай беларускай зямлі акупанты ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Пракурор Віцебскай вобласці Андрэй Скурат падкрэсліў, што гэта адно з самых буйных пахаванняў, знойдзеных на тэрыторыі Віцебскай вобласці. "У мінулым годзе недалёка ад Полацка мы ўстанавілі раней невядомае месца масавага знішчэння мірнага насельніцтва па тых дакументах, якія былі атрыманы следствам. Мы ўжо з упэўненасцю можам сцвярджаць, што гэта сем'і полацкага актыву і ваеннаслужачых, якія былі расстраляны літаральна ў першыя дні акупацыі гэтай тэрыторыі. Мы выразна бачым, што гэта мірнае насельніцтва, таму што прадметы, якія былі знойдзены ў ходзе раскопак, сведчаць, што ішло бязлітаснае знішчэнне мірнага насельніцтва, і мы гэта называем генацыдам. Мы перапахавалі астанкі мірных жыхароў з улікам усіх рэлігійных і грамадзянскіх абрадаў і ўшанаванняў, і цяпер мы ведаем гэта месца, можам прыйсці сюды, аддаць даніну павагі і памяці" - расказаў ён.

Андрэй Скурат дадаў, што расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа прадаўжаецца. "Мы пачалі ўжо работу ў Аршанскім і Расонскім раёнах. Першыя дзеянні, якія мы правялі ў Аршанскім раёне, сведчаць аб тым, што там таксама ёсць касцявыя астанкі, яны падняты, вядзецца далейшая пошукавая работа", - адзначыў пракурор Віцебскай вобласці.

У жалобным мітынгу каля стэлы "Ахвярам фашызму" прынялі ўдзел раённыя ўлады, супрацоўнікі пракуратуры Віцебскай, Смаленскай і Пскоўскай абласцей, ваеннаслужачыя, прадстаўнікі праваахоўных органаў, МНС, грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, моладзь, свяшчэннаслужыцелі. Прысутныя ўшанавалі памяць ахвяр фашызму мінутай маўчання.-0-

Да спіса