Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна
Навіны рэгіёна
Свята лёну, "Вытокі", музычныя вечары. Куды адправіцца турыстам у Беларусі ў першай палавіне чэрвеня
06.06.2025

Свята лёну, "Вытокі", музычныя вечары. Куды адправіцца турыстам у Беларусі ў першай палавіне чэрвеня

Куды адправіцца турыстам у Беларусі ў першай палавіне чэрвеня, расказалі БЕЛТА ў Нацыянальным агенцтве па турызме.

На сайце агенцтва размешчаны каляндар турыстычных падзей лета. Выхадныя абяцаюць быць насычанымі. Так, культурна-спартыўны фестываль "Вытокі" 6-7 чэрвеня прымаюць Паставы. На свяце будуць прадстаўлены спартыўныя, культурна-гістарычныя, мастацкія пляцоўкі, зоны фуд-корта і сямейнага адпачынку, кірмаш майстроў-рамеснікаў, шматлікія майстар-класы.

У гэтыя ж дні ў Оршы адбудзецца фестываль лёну Pole kvetak 2025. На гарадской плошчы каля будынка былога калегіума езуітаў будуць працаваць тэматычныя і гульнявыя пляцоўкі, фуд-корты. У праграме - гастрашоу, fashion-конкурс ільняных калекцый, шоу з удзелам беларускіх і замежных артыстаў.

З 6 па 8 чэрвеня пройдзе фестываль воднага турызму "Мотальская рэгата". Удзельнікі сплавяцца па маршруце: вёска Буса Іванаўскага раёна - вёска Чамярын, вёска Парэчча Пінскага раёна - аграгарадок Моталь Іванаўскага раёна. Уся 42-кіламетровая дыстанцыя пралягае па рацэ Ясельда. На месцы прамежкавага фінішу запланаваны спаборніцтвы па дартсе, арыент-шоу, фігурным ваджэнні байдаркі, фігурным ваджэнні веласіпеда, пляжным валейболе.

Нясвіж 6-8 чэрвеня запрашае на "Вечары музычнага тэатра "Пецярбургская аперэта ў замку Радзівілаў". Такое мерапрыемства арганізуюць упершыню.

Фестываль самадзейнай творчасці "Добрыя суседзі", які збірае мноства ўдзельнікаў з Беларусі і суседніх краін, адбудзецца 7 чэрвеня ў Белавежскай пушчы, фестываль "Клёвы Браслаў" - на турыстычнай стаянцы "Перацяг" на Браслаўскіх азёрах, шляхецкі фэст "Жамчужная зорка - палац Умястоўскіх"- у Іўеўскім раёне. Лідскі замак 7 чэрвеня запрашае на шоу "Магія агню і святла".

Таксама прадстаўлены ў календары абрадавыя мерапрыемствы. Так, 9 чэрвеня ў вёсцы Навінкі Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці прадставяць абрад "Перанос свечкі", а абрад "Ваджэнне Куста" - у Лунінецкім раёне (аграгарадкі Лобча і Дзятлавічы). Абрад "Ваджэнне Куста" мае статус элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Святочная працэсія на чале з дзяўчынай у выглядзе Куста наведвае сялянскія двары з пажаданнямі гаспадарам здароўя, дабрабыту і багатага ўраджаю.

Абрад "Праводзіны русалкі" правядуць 14 і 19 чэрвеня ў Хойніцкім (аграгарадок Вялікі Бор) і Чачэрскім раёнах (аграгарадок Меркулавічы) адпаведна.

Праз некалькі дзён - 13 чэрвеня - у Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці адбудзецца струбніцкі фэст "Свята, поўнае пашаны" (аграгарадок Струбніца, в. Плябанаўцы).

14 чэрвеня "Купальскі open air fest "Свята Сонца" пройдзе ў музеі народных рамёстваў "Дудуткі". У гэты ж дзень адбудзецца "Фестываль беларускай культуры ў Свяцку", летні музычны фестываль на стадыёне "Дынама", адкрытае рэгіянальнае свята кавальства "Крашынскi перазвон" (Баранавіцкі раён), фестываль сямейнага адпачынку і здаровага ладу жыцця "Гарбата па-сваякоўскі" (Магілёўскі раён), фальклорнае свята "Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаём маленькую радзіму" (Лідскі раён, аграгарадок Ваверка).

У амфітэатры Маладзечна 13-14 чэрвеня адбудзецца Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2025", у Любчанскім замку 14 чэрвеня - "Любчанскi шпацыр Радзiвiлаў".

15 чэрвеня турыстаў запрашаюць на фестываль арганнай музыкі Ars Magna Organi "Да 340-годдзя з дня нараджэння Баха" (Брэсцкая вобласць, Пінск, Сабор Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, рэгіянальны фестываль фальклорнага мастацтва "Фальварак мінулага" (Пінскі раён, вёска Мерчыцы). Таксама адбудзецца экскурсія "Адзін дзень з жыцця Лошыцы" з танцавальным майстар-класам.-0-

 

Да спіса