22 мая, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. У Віцебску праходзіць 61-е пасяджэнне Міжбанкаўскага валютнага савета Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і Цэнтральнага банка Расійскай Федэрацыі з удзелам кіраўнікоў фінансавых структур, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У пасяджэнні прымаюць удзел старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Раман Галоўчанка, старшыня Цэнтральнага банка Расіі Эльвіра Набіуліна, прадстаўнікі галоўных фінансавых устаноў абедзвюх краін.
"Я рады сустрэцца з вамі, каб абмеркаваць актуальныя пытанні нашага ўзаемадзеяння ў фінансавай, банкаўскай сферы на карысць нашых краін і народаў. Са свайго боку хачу адзначыць, што наша пляцоўка з'яўляецца эфектыўнай дыскусійнай пляцоўкай, якая паспяхова функцыянуе многія гады і садзейнічае ўмацаванню і развіццю шматпланавага эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расійскай Федэрацыі ў фармаце Саюзнай дзяржавы", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.
Кіраўнік Цэнтрабанка Расіі адзначыла, што важна абмеркаваць бягучы эканамічны стан і работу банкаўскіх сістэм абедзвюх краін. "Не сумняваюся, што абмеркаванне будзе традыцыйна карысным. Фармат Міжбанкаўскага валютнага савета зарэкамендаваў ужо сябе эфектыўна, гэта добры інструмент для абмеркавання актуальных пытанняў", - сказала яна.
Міжбанкаўскі валютны савет быў створаны ў 1999 годзе. У яго задачы ўваходзіць падрыхтоўка міждзяржаўных пагадненняў у галіне банкаўскай дзейнасці, гарманізацыя нарматыўна-рэгулятыўнай базы фінансавай і банкаўскай сфер для стварэння роўных умоў суб'ектам гаспадарання дзвюх краін, падрыхтоўка рэкамендацый па распрацоўцы і рэалізацыі каардынаванай грашова-крэдытнай і валютнай палітыкі.
Таксама Эльвіра Набіуліна адзначыла, што расійская дэлегацыя рада пабываць у адным з самых старажытных і прыгожых гарадоў Беларусі, а таксама павіншавала ўдзельнікаў пасяджэння з агульнай знакавай датай, якую адзначылі нядаўна, - 80-годдзем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.-0-
Да спіса