Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна
Навіны рэгіёна
На экспарт - 90 працэнтаў прадукцыі. Турчын азнаёміўся з інвестпраектам Верхнядзвінскага масласырзавода
31.03.2025

На экспарт - 90 працэнтаў прадукцыі. Турчын азнаёміўся з інвестпраектам Верхнядзвінскага масласырзавода

31 сакавіка, Верхнядзвінскі раён /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Новы цэх для вытворчасці смятаны, павелічэнне магутнасцей па выпуску фасаванага сметанковага масла - якую мадэрнізацыю ў 2025 годзе правядуць у ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод", расказалі прэм'ер-міністру Аляксандру Турчыну ў час яго рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік урада пабываў на адным з вядучых прадпрыемстваў паўночнага рэгіёна. Аляксандр Турчын адзначыў, што мэтай яго паездкі з'яўляецца азнаямленне з работай аграаб'яднання, створанага на базе Верхнядзвінскага масласырзавода.Дырэктар ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод" Святлана Чывірава расказала, што ў склад аграхолдынга ўваходзяць восем арганізацый - перапрацоўчае прадпрыемства, прадпрыемства сэрвісу і шэсць сельгасарганізацый. У гэтым годзе тут рэалізуецца інвестпраект у рамках праграмы "Адзін раён - адзін праект". Прадпрыемства плануе правесці мадэрнізацыю энергасістэмы, ачышчальных збудаванняў і пабудаваць новы цэх па вытворчасці смятаны. Сродкі на яго выдзелены Банкам развіцця.

"Для развіцця прадпрыемства было прынята рашэнне аб мадэрнізацыі сістэм энергазабеспячэння, ачышчальных збудаванняў, і паралельна мы павялічваем аб'ёмы па вытворчасці масла, арганізуем вытворчасць смятаны. Кошт праекта ў цэлым складае Br40,5 млн, з іх 25 працэнтаў павінны складаць уласныя сродкі прадпрыемства. Дзякуючы гэтаму праекту мы зможам арганізаваць абслуговую інфраструктуру належным чынам і ў належным аб'ёме, а пасля гэтага адкрыць цэх па вырабе смятаны магутнасцю 360 тон у год, павялічыць у два разы вытворчасць фасаванага масла. Цяпер з-за тэхнічных магчымасцей мы фасуем толькі 50 працэнтаў сметанковага масла, а астатняе прадаём у оптавай упакоўцы", - расказала кіраўнік прадпрыемства.

Яна дадала, што ў мінулым годзе вытворчасць прамысловай прадукцыі ўзрасла больш як на 35 працэнтаў у параўнанні з 2023 годам. "Мы вырабілі 10 тыс. тон сыру, 2,1 тыс. тон масла. Мы экспартна арыентаванае прадпрыемства, 90 працэнтаў нашай прадукцыі паступае за мяжу. Асноўны напрамак па экспартных продажах - гэта сыр. У асноўным ён ідзе ў рэгіёны Расіі. Што датычыцца сухой сыроваткі, то тут геаграфія экспарту штогод пашыраецца. Мы рэалізуем гэту прадукцыю ў Кітай, асвоілі таксама новыя напрамкі - Філіпіны, Інданезія, Аман, Емен, Нігерыя", - праінфармавала дырэктар завода.

Святлана Чывірава адзначыла, што ў снежні 2023 года да аграхолдынга далучылі яшчэ адно прадпрыемства - Шумілінскі вытворчы цэх ААТ "Полацкі малочны камбінат", дзе паспелі ўжо замяніць частку абсталявання. У гэтым цэху плануюць правесці маштабнае тэхнічнае перааснашчэнне, каб павялічыць вытворчасць сыроў пад маркай "Ян Сырароб" і пачаць выпуск сыру з блакітнай цвіллю.-0-

Да спіса