22 красавіка, Полацк /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Да канца года на месцы Полацкага малочнага камбіната будзе новы, сучасны завод. Аб гэтым на сустрэчы з калектывам прадпрыемства расказаў Аляксандр Саўчыц, генеральны дырэктар ААТ "Савушкін прадукт", у распараджэнне якога пяройдзе полацкі камбінат, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Полацкі малочны камбінат сёння працуе не на поўную магутнасць. Ён знаходзіцца на кантролі кіраўніка дзяржавы, які даручыў зрабіць яго рэнтабельным, сучасным, і галоўнае пры гэтым - захаваць калектыў. Менавіта таму было прынята рашэнне прадаць камбінат па рыначным ацэначным кошце ААТ "Савушкін прадукт". Яго гендырэктар разам з кіраўніцтвам Віцебскага аблвыканкама пабываў на полацкім заводзе.
Ён расказаў, што на сямі пляцоўках, якія ўваходзяць у склад "Савушкінага прадукту", сёння працуюць больш як 10,5 тыс. чалавек. За суткі на прадпрыемстве перапрацоўваюць больш як 5,6 тыс. т малака і 4,5 тыс. т сыроваткі.
Аляксандр Саўчыц растлумачыў палачанам, як будзе праходзіць рэканструкцыя іх роднага прадпрыемства. "Пачнём з вуліцы, водаправоднай каналізацыі, таму што трэба адразу замяніць водаправод, які 40 гадоў таму тут паклалі, і ён ужо прыйшоў у непрыдатнасць. Не чакаючы будаўніцтва, мы ўжо закупляем абсталяванне, на гэта затрацілі са сваіх сродкаў каля 20 млн еўра, і як толькі нам вызваляць пляцоўку, мы будзем гатовы на ёй працаваць. Хоць заўтра", - адзначыў ён.
На першым этапе ў полацкіх цэхах будуць выпускаць тварожныя сыркі - да 40 т за суткі на пяці лініях. Таксама на новым заводзе будуць працаваць дзве лініі рассыпістага тварагу. Для вытворчасці сметанковага масла вяршкі будуць прывозіць з аршанскага цэха. Усе цэхі і другія памяшканні поўнасцю перабудуюць, і ўмовы працы якасна паляпшацца.
Аляксандр Саўчыц падкрэсліў, што як чалавек, які прывык старанна працаваць, бачыць і заахвочвае ўсіх, хто таксама гатовы працаваць і прыносіць прыбытак прадпрыемству. Ён запэўніў, што нікога з работнікаў малочнага камбіната не звольняць, калі яны самі пажадаюць працаваць далей у мадэрнізаваных цэхах і на новым абсталяванні. "На новым заводзе многае будзе аўтаматызавана, але рабочых, якія вызваліліся, мы перавучым на другія спецыяльнасці, каб яны змаглі працаваць з сучасным абсталяваннем", - сказаў кіраўнік ААТ, дадаўшы, што прадпрыемства стварае свой навучальны цэнтр для падрыхтоўкі кадраў, а частка спецыялістаў будзе навучацца на месцы.
"Новы цэх мы пабудуем у максімальна сціслыя тэрміны, да Новага года зможам завяршыць поўную рэканструкцыю. Мы разлічваем на вашу дапамогу ў будаўніцтве, задзейнічаем мужчын на розных работах. У нас ёсць свае будаўнікі, зваршчыкі, айцішнікі, якія тут, на месцы, будуць працаваць на ўзвядзенні завода разам з вамі", - адзначыў кіраўнік холдынга.
Таксама Аляксандр Саўчыц прапанаваў усім жадаючым пабываць на другіх пляцоўках ААТ, для гэтага выдзеляць аўтобус. Ён расказаў і пра сацпакет для работнікаў прадпрыемства, які ўключае медыцынскае абслугоўванне, бясплатнае наведванне басейна, спартзалы.
"На першым этапе мы плануем накіраваць на рэканструкцыю Полацкага малочнага камбіната каля 70 млн еўра", - расказаў ён журналістам.-0-
Да спіса