Сума здзелак прадпрыемстваў і арганізацый Віцебскай вобласці на Беларускай універсальнай таварнай біржы ў 2025 годзе дасягнула 1,7 млрд бел. руб., павялічыўшыся на 14 працэнтаў у параўнанні з 2024 годам. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
У асноўным гэта былі здзелкі на ўнутраным рынку. Іх доля ў агульным аб'ёме біржавога тавараабароту склала 60 працэнтаў. Пры гэтым на экспарт прыпаў 31 працэнт біржавых транзакцый у вартасным выражэнні, а на імпарт - 9 працэнтаў. Такую статыстыку агучыў дырэктар Віцебскага філіяла БУТБ Аляксей Каржоў у ходзе нарады па падвядзенні вынікаў вытворча-гаспадарчай дзейнасці СЭЗ "Віцебск" за 2025 год. У мерапрыемстве прыняў удзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік, топ-менеджары прадпрыемстваў - рэзідэнтаў СЭЗ, прадстаўнікі крэдытна-фінансавых устаноў і страхавых кампаній.
Паводле слоў Аляксея Каржова, у 2025 годзе дзелавая актыўнасць акрэдытаваных на БУТБ суб'ектаў гаспадарання Віцебскай вобласці прыкметна павысілася, што станоўча адбілася на дынаміцы паказчыкаў біржавога гандлю. "У мінулым годзе ўклад Віцебскай вобласці ў сукупны тавараабарот біржы склаў 12 працэнтаў. Гэта на 2 працэнты больш, чым у 2024 годзе. Пры гэтым рэгулярна ўдзельнічалі ў таргах і заключалі здзелкі 766 кампаній, тады як у 2024 годзе такіх актыўных удзельнікаў было 692", - расказаў кіраўнік Віцебскага філіяла біржы.
Паводле даных БУТБ, у 2025 годзе ў структуры біржавых здзелак віцебскіх прадпрыемстваў пераважала прадукцыя аграпрамысловага комплексу і лясной гаспадаркі з удзельнай вагой 40 працэнтаў і 35 працэнтаў адпаведна. Найбольшыя аб'ёмы рэалізацыі на ўнутраным рынку забяспечылі такія пазіцыі, як круглыя неапрацаваныя лесаматэрыялы, алей і насенне, шроты алейных культур і кармавыя дабаўкі. У экспарце лідарамі продажаў былі піламатэрыялы, сметанковае масла, сухое малако, ільняное валакно, рапсавы алей і мяса буйной рагатай жывёлы.
Аляксей Каржоў таксама падзяліўся інфармацыяй аб новым напрамку дзейнасці БУТБ - біржавых таргах работамі і паслугамі ў сферы будаўніцтва і грузаперавозак. Асноўная ўвага была ўдзелена перавагам біржавога механізма для заказчыкаў і выканаўцаў, ключавым асаблівасцям правядзення таргоў і самым запатрабаваным сёння відам работ і паслуг.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Яе галоўная функцыя - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.-0-
Да спіса