Урачыстыя клятвы вернасці роднай зямлі гучалі на мінулым тыдні па ўсёй краіне. Маладое пакаленне рабіла ўсвядомлены выбар – у рамках рэспубліканскай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!” уступала ў рады вядучых грамадскіх аб’яднанняў.
Эстафету патрыятызму падхапілі і на Ушаччыне. Удзел у цырымоніі пасвячэння ў акцябраты, піянеры, члены БРСМ прынялі 39 навучэнцаў з усяго раёна.
Васьмікласніца Глыбачанскай школы Марыя Рубіс атрымала значок Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Для яе грамадская нагрузка даўно стала ладам жыцця.
– Я пастаянна ўдзельнічаю ў розных школьных мерапрыемствах, асабліва люблю патрыятычныя і спартыўныя, – расказвае дзяўчына. – Дапамагала пажылым вяскоўцам у складзе цімураўскага атрада.
На новую прыступку грамадскага жыцця – з піянераў у саюзную моладзь – перайшоў і яе аднакласнік Міхаіл Клотчанка.
– У піянерскай арганізацыі было цікава, паспрабаваў сябе ў розных справах: майстраваў домікі для птушак, падкармліваў бяздомных жывёл… Свет становіцца дабрэйшым, ды і сам мяняешся ў лепшы бок, калі працягваеш руку дапамогі бліжняму.
Першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Глінская назвала мерапрыемства значнай падзеяй, у якой заключаецца магутны патрыятычны і выхаваўчы складнік:
– Менавіта ў радах грамадскіх аб’яднанняў адбываецца станаўленне маладых людзей, якія з дзяцей, падлеткаў ператвараюцца ў свядомых грамадзян краіны. Зразумела, што такія важныя акцыі праходзяць напярэдадні Дня Канстытуцыі. Гэта кансалідуе, завастрае ўвагу на дзяржаўных каштоўнасцях і прыярытэтах.
Да спіса