Многія ўшачане да зімовых святаў упрыгожваюць пакоі сваіх дамоў не толькі навагоднімі ёлачкамі, а і дэкаратыўнымі кампазіцыямі. Вось і ў кватэры сям’і Пашута з райцэнтра вокны, сцены і мэблю аздобілі самаробныя папяровыя гірлянды, сняжынкі, тэматычныя выцінанкі. Вырабілі іх дзеці – Арцём і Ангеліна.
Пра таленавітага хлопчыка мы неаднойчы ўзгадвалі ў газетных артыкулах: выпускнік мастацкага аддзялення Ушацкай ДШМ – лаўрэат шматлікіх творчых конкурсаў, і яго мама Ірына Васільеўна з гонарам прадэманстравала нам дыпломы і граматы, пад якія ў пакоі адведзена цэлая сцяна. На процілеглай жа вісіць карціна з выявай ушацкай царквы. Арцём любіць маляваць храмы, і на адной са сваіх першых работ адлюстраваў велічны касцёл Святой Веранікі, які ўбачыў падчас падарожжа ў Селішча разам з бацькамі. Чатыры гады таму хлопчык дэбютаваў у рэспубліканскім конкурсе “Крыштальная сняжынка” – і адразу заваяваў першае месца! За гады вучобы ў школе мастацтваў Арцём стварыў не адзін дзясятак цудоўных карцін. Асабіста ж мяне моцна ўразіла яго работа “Маленькі прынц”, выстаўленая ў вернісажы на выпускным вечары ўстановы: юнаму мастаку ўдалося вельмі выразна перадаць рамантычную атмасферу аповесці.
“Арцём – зорка нашага аддзялення! Дадзены ад прыроды талент ён падмацоўвае ўпартасцю, уседлівасцю, стараннасцю. Галоўнае ж, што ад малявання хлопчык атрымлівае сапраўдную асалоду, і думаю, што мастацтва можа стаць справай яго жыцця”, – адзначае педагог Айгуль Смык.
Калі знаёмішся з яго творчасцю, зусім не верыцца, што Арцём мае асаблівасці развіцця. Зрэшты, ён сам, яго блізкія, сябры і настаўнікі стараюцца не акцэнтаваць на гэтым увагу. На ўроках ва Ушацкай СШ паслабленняў сямікласніку ніхто не дае, а яго “сямёрка” ў якасці сярэдняга бала за чвэрць сведчыць пра тое, што развівацца ён імкнецца ва ўсіх напрамках ведаў.
Вельмі важным для рэабілітацыі падлетка з’яўляецца фізічная актыўнасць. Вось толькі стары веласіпед, на якім ён летам з задавальненнем катаўся ля дома, прыйшоў у нягоднасць. А таму вельмі дарэчы аказаўся падарунак, які ў рамках акцыі “Нашы дзеці” падрыхтавала для юнага ўшачаніна Віцебская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. На мінулым тыдні член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Ушацкага райсавета Наталля Марковіч завітала ў госці да сям’і Пашута, каб перадаць веласіпед, а таксама салодкі падарунак ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” (на здымку). Арцёма такі сюрпрыз, канечне, узрадаваў – ён не хаваў добрага настрою, ахвотна дзяліўся з намі планамі. Расказала пра свае захапленні і яго малодшая сястрычка Ангеліна – а яны даволі незвычайныя: дзяўчынка марыць стаць… аўтагоншчыцай і трэніруе навыкі ваджэння на трэнажоры-сімулятары, які падарылі бацькі. Хто ведае, мабыць праз некалькі год мы будзем хварэць за яе на трасах фестывалю “ЭкстрымПрарыў”. Цікавасць да тэхнікі, зрэшты, узнікла ў Ангеліны не проста так: галава сям’і доўгі час працаваў вадзіцелем-дальнабойшчыкам і нават браў дзяўчынку з сабой у паездкі па Беларусі.
Такая вось цікавая дружная сям’я жыве ва Ушачах. І хочацца падзякаваць Ірыне і Андрэю за тое, што яны дастойна пераадольваюць жыццёвыя выпрабаванні і годна выхоўваюць дзетак.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
Да спіса