Дэлегацыя Віцебскай вобласці на чале з намеснікам старшыні аблвыканкама Анжалікай Нікіцінай на мінулым тыдні з рабочым візітам пабывала ў правінцыі Шаньдун Кітайскай Народнай Рэспублікі. У складзе дэлегацыі быў і старшыня Ушацкага райвыканкама Сяргей Садоўскі. І гэта зусім невыпадкова: Ушаччына не першы год наладжвае сувязі з жыхарамі Паднябеснай, а з горадам Тайань нас цяпер звязваюць сяброўскія адносіны не толькі на словах, а і афіцыйна – падпісаны Дагавор аб устанаўленні дружбы і супрацоўніцтва паміж горадам Тайань і Ушацкім раёнам.
Ушаччына, напэўна, як ні адзін раён вобласці можа пахваліцца напрацоўкамі з КНР. Прадстаўнікі кітайскага бізнесу, кіраўнікі арганізацый розных сфер дзейнасці ўжо неаднойчы прыязджалі ў наш раён, дзелавую вандроўку для іх арганізоўвала заснавальнік адкрытага акцыянернага таварыства “Белчайна коннект” Яна Вонг. Кожны такі візіт быў не проста экскурсіяй, а крокам да супрацоўніцтва, ушачане з задавальненнем раскрывалі патэнцыял свайго рэгіёну для рэалізацыі сумесных праектаў. Кітайскіх бізнесменаў знаёмілі з прадукцыяй Ушацкага лясгаса і “Твестубы ПРА”, высока ацанілі яны смак ушацкіх ліманадаў і краявіды “Лясных азёр”, абмяркоўваліся сумесныя тэмы ў турызме і сельскай гаспадарцы. А паколькі гэта эканоміка і сур’ёзныя ўкладанні, то зразумела, што ўсяму папярэднічаюць дакладныя разлікі, а падлічвае кітайскі бок усё вельмі грунтоўна.
Падчас апошняга візіту гасцей з КНР летам гэтага года іх увазе быў прадстаўлены праект, звязаны са здабычай торфу, залежы якога на Ушаччыне складаюць 29,5 мільёна тон! Дарэчы, каб мець уяўленне аб такой прапанове, для кітайскай дэлегацыі нават спецыяльна наладзілі экскурсію ў суседні Докшыцкі раён на філіял УП “Віцебскторф” – прадпрыемства першым у Беларусі стала прадаваць торф на кітайскі рынак. Кіраўнік кампаніі інвестыцыйнага развіцця з абмежаванай адказнасцю Шаньмі (Яньтай) Сунь Хао Кун быў на Ушаччыне і ўсур’ёз зацікавіўся праектам. І вось цяпер размовы пра торф перайшлі на новы этап.
– Камандзіроўка ў Кітай атрымалася вельмі насычанай. Адным з асноўных пунктаў візіту было падпісанне Пагаднення аб намерах рэалізацыі інвестыцыйнага праекта паміж Ушацкім раёнам і прыгаданай кампаніяй інвестыцыйнага развіцця па будаўніцтве завода па здабычы і перапрацоўцы торфу ў нашым раёне, – расказвае Сяргей Сяргеевіч Садоўскі. – Што гэта прынясе раёну? Інвестыцыі, плацяжы ў бюджэт, новыя рабочыя месцы, адпаведна і развіццё рэгіёну. Наша сустрэча і намеры несумненна будуць мець працяг, паколькі ў кітайскага боку ёсць шчырая зацікаўленасць і перспектыўнае бачанне ва ўкладанне інвестыцый на тэрыторыі Ушаччыны. Да наступных крокаў па рэалізацыі названага інвестпраекта пяройдзем ужо ў наступным годзе.
Летась дэлегацыя раёна на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч ужо наведвала Кітай, у тым ліку горад Тайань, дзе быў падпісаны намер аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі. Ну а зараз мы ўжо можам называць Тайань горадам-пабрацімам Ушацкага раёна: С.С.Садоўскі і намеснік мэра гэтага горада Лю Фэн Мэй паставілі свае подпісы на Дагаворы аб сяброўскіх адносінах, які падразумявае супрацоўніцтва ў культурнай, спартыўнай, прамысловай сферах (на здымку). Напрыклад, у гэтага эканамічна моцнага рэгіёна КНР ёсць зацікаўленасць па лясной галіне, турызме.
“Падчас візіту былі запланаваны не толькі перамовы і падпісанне дакументаў, а і знаёмства з горадам, культурай, наведванне аб’ектаў, – адзначае Сяргей Сяргеевіч. Так, давялося пазнаёміцца з сям’ёй фермераў, якія ў сваёй цяплічнай гаспадарцы займаюцца вырошчваннем агародніны, ягад, прымяняючы як звычайныя, так і наватарскія падыходы. Уявіце сабе, што 30 гектараў цяпліц абслугоўвае ўсяго 20 чалавек! Дарэчы, кітайскі клімат дазваляе збіраць два ўраджаі за год. Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі, якія культывуюцца ў Кітаі, з’яўляюцца пшаніца, соя, кукуруза. У фермерскай гаспадарцы ж прапанавалі прадэгуставаць разнастайныя сарты таматаў.
Тайань – невялікі па кітайскіх мерках гарадок правінцыі Шаньдун на Усходзе Кітая. Горад знакаміты тым, што ляжыць ля падножжа самай шануемай з пяці Святых даоскіх гор Тайшань, дзе выдатна захавалася шмат рэліктавых збудаванняў, і таму туды штогод прыязджаюць сотні тысяч паломнікаў і турыстаў.
Уражаны і прадпрыемствам па вытворчасці ўцяпляльніка – яго вырабляюць з базальта, які здабываюць у гарах. Матэрыял высокай якасці прымяняюць у будаўніцтве, валодае ён і выдатнымі шумаізаляцыйнымі ўласцівасцямі. Была наладжана экскурсія і на прадпрыемства па вытворчасці экскаватараў. Магчымасці таксама здзівілі: на заводзе працуе 300 чалавек, а з канвеера штомесяц сыходзіць… 300 экскаватараў! У многіх момантах ручная праца заменена на механічную, выкарыстоўваецца сучаснае абсталяванне. Трэба адзначыць, што кітайскаму народу ўласцівы выключная дысцыпліна, парадак і высокая працаздольнасць. Таму яны хутка развіваюцца і знаходзяцца наперадзе многіх іншых краін свету. Ва ўмовах канкурэнцыі там кожны імкнецца працаваць як мага лепш, каб заняць, як кажуць, сваё месца пад сонцам. У рабочы час практычна не сустрэнеш людзей, якія б прагульваліся па вуліцах – кожны заняты справай. Адметна, што беларускую прадукцыю ў Кітаі таксама цэняць, напрыклад, на прылаўках магазінаў давялося ўбачыць наша малако, якое каштуе 20 юаняў за літр або 10 нашых рублёў.
Падводзячы вынік, адзначу, што паездка атрымалася плённай, а набыты вопыт цікавы і карысны. Цяпер будзем чакаць кітайскіх сяброў ва Ушачах для больш дэталёвага вывучэння пытанняў і паглыблення нашых сувязей”.
Да спіса