Дабрачынны марафон “Ад усёй душы”, у цэнтры ўвагі якога – людзі сталага ўзросту, стартаваў ва ўсіх рэгіёнах краіны.
На ўрачыстасці, якая ладзілася з гэтай нагоды ў Віцебску, пабывала і ўшацкая дэлегацыя. Сюрпрызаў у гэты дзень было нямала – ніхто не застаўся без падарункаў, яркіх уражанняў ад святочнага канцэрта. Ірыне Леанідаўне Дунік за актыўную жыццёвую пазіцыю, работу, праводзімую Саветам пажылых грамадзян Ушацкага раёна, аб’яўлена Падзяка камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.
Ушачане актыўна ўключыліся ў правядзенне акцыі. Павіншаваць пастаяльцаў аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН у Вяркудах, работнікаў сацустановы прыехалі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Ушацкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Наталля Мікалаеўна Марковіч, старшыня Вяркудскага сельвыканкама Вера Міхайлаўна Маслак, дырэктар ТЦСАН Вольга Аляксандраўна Ізмайловіч. Ну і якое ж свята без падарункаў? Ад прыгаданага грамадскага аб’яднання, дэпутацкага корпуса раёна ўсім былі ўручаны салодкія наборы.
Не шкадавалі цёплых слоў, творчых нумароў, сувеніраў цімураўцы з Глыбачанскай сярэдняй школы. З канцэртнай праграмай наведаў аддзяленне ансамбль народнай музыкі і песні “Землякі-музыкі” філіяла “Лукомльская ДРЭС”. Вучні Ушацкай школы наведалі на доме настаўнікаў-пенсіянераў, павіншавалі з надыходзячым Новым годам і Калядамі.