Главная / Вопрос-ответ
Вопрос-ответ
27.11.2017

ВОПРОС: ЯКІЯ ПАСЛУГІ АКАЗВАЮЦЬ РАЁННЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ НАСЕЛЬНІЦТВУ УШАЦКАГА РАЁНА

ВОПРОС: ЯКІЯ ПАСЛУГІ АКАЗВАЮЦЬ РАЁННЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ НАСЕЛЬНІЦТВУ УШАЦКАГА РАЁНА

ОТВЕТ: Запатрабаваныя земляныя работы выконвае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Яны могуць узараць ці прадыскаваць вам агарод, выкапаць саджалку ці траншэю пад фундамент, зрабіць планіроўку ўчастка пад будаўніцтва. Да таго ж у арганізацыі можна заказаць кран і транспарт для перавозкі грузаў. Адзінае “але” – работы выконваюцца па графіку, калі тэхніка арганізацыі не занята на ўласных аб’ектах. Таму грамадзянам лепш планаваць свае работы і тэлефанаваць па нумарах 5-76-95 ці 5-79-49 загадзя.

Апрацаваць участак вам дапамогуць і сельгаспрадпрыемствы. Прычым для сваіх работнікаў і ветэранаў вытворчасці гэтыя паслугі часта аказваюцца па льготных расцэнках. Гаспадаркі, акрамя КУСГП “Кублічы”, прапануюць прыватнікам гной з дастаўкай, пры наяўнасці прадаюць лішкі фуражу і насення, асемяняюць кароў. А вось семя трох парод свіней на выбар для пакрыцця свінаматак можна заказаць у райплемстанцыі па нумары 5-72-91. У райветстанцыю, якая прымае заяўкі з 8 да 14 і ў выхадныя дні па нумары 5-72-84, можна звярнуцца, калі захварэла хатняя жывёла, неабходна зрабіць прафілактычныя прышчэпкі ці нават кастрацыю катоў. Расцэнкі невысокія, улічваючы, што ў іх закладзены кошт медыкаментаў, работа спецыяліста і транспартныя расходы.
Практычна з усімі запатрабаванымі паслугамі па доме справяцца работнікі аддзялення тэрміновай сацыяльнай дапамогі ТЦСАН. Па нумары 5-99-89 можна пакінуць заяўку на распілоўку дроў, апрацоўку і абкос участка, афарбоўку дома і нават на рамонт і індывідуальны пашыў адзення. Забяспечаць вас дрывамі і брыкетам, канечне, у райпаліўзбыце (5-70-93, 5-75-93). Прычым разлічыцца за паслугу можна, не пакідаючы свайго двара – пры дастаўцы. Таксама заказаць дровы хлыстамі або двухмятроўкамі можна і ў любым лясніцтве.
На ўмовах перадаплаты прывязе гравій, пясок або шчэбень ДРБУ-105. Таксама работнікі арганізацыі могуць заасфальтаваць вам двор ці пракласці дарожку да дома. Тэлефануйце па нумары 5-76-86 і цікаўцеся расцэнкамі: калі на прывоз матэрыялаў прэйскурант адзін, то для асфальтавання на месца прыедуць спецыялісты і вызначаць кошт, зыходзячы з характарыстык участка.

Вельмі вялікі пералік паслуг у жыллёва-камунальнай гаспадарцы: у ім, здаецца, прадугледжана ўсё, звязанае з рамонтам у доме, варта толькі патэлефанаваць па нумары 2-72-20: спецыялісты арганізацыі адрамантуюць разетку ці водаправод, заменяць кран і прачысцяць забітую каналізацыю, паклеяць шпалеры, заменяць замок і пакладуць плітку.

Любыя будаўнічыя работы выканае ПМК-66, якая аказвае і транспартныя паслугі (тэлефоны (8-033) 306-60-43 і (8-033) 306-60-30 (МТС). Трактар для перавозкі дроў ці іншых габарытных рэчаў выпішуць і ў філіяле “Сарочына”. Там жа па нумарах 5-59-89 і (8-033) 675-51-10 (МТС) можна заказаць парасят.

Пастаянна пашырае спіс платных паслуг і райспажыўтаварыства, дзе акрамя традыцыйных па арганізацыі святочных сталоў, зборцы мэблі, транспартных, па забоі жывёлы, цырульні, апрацоўцы і абкосу ўчасткаў далучыўся ўвесь спектр рытуальных паслуг (тэлефон: 2-03-63).

А яшчэ ўважліва сачыце за рэкламай у нашай газеце: у ёй шмат аб’яў менавіта па паслугах. Малагабарытнай тэхнікай вам выкапаюць любую траншэю ў цяжкадаступных месцах, за лічаныя хвіліны ўцепляць спецыяльнай пенай сцены, гарышча ці падлогу, выканаюць мантаж сістэмы ацяплення, зробяць нацяжную столь, установяць вокны, вытачаць запасныя ключы, адрамантуюць пральную машыну або халадзільнік.

Мы прыгадалі далёка не ўсе паслугі, таму, паважаныя чытачы, задавайце свае пытанні. А таксама карыстайцеся платнымі паслугамі рэдакцыі газеты: давайце падзякі, аб’явы і віншаванні. Прычым апошнія можна заказаць і эксклюзіўныя, за што, праўда, давядзецца заплаціць двайны кошт.

Смотреть все