Главная / Районные службы и структурные подразделения / Ушачский РОЧС / Ушачский районный отдел по чрезвычайным ситуациям сообщает
Ушачский районный отдел по чрезвычайным ситуациям сообщает
Парушыць самы моцны сон!
26.04.2021

Парушыць самы моцны сон!

Камп’ютар стаў прычынай пажару лютаўскай ноччу ў адной з кватэр Полацка. У гэты момант мужчына з трыма дзецьмі (8, 5 і 4 гады) спалі. Усе яны маглі ўжо не прачнуцца, калі б не аўтаномны пажарны апавяшчальнік, гук якога разбудзіў сям’ю і яны выскачылі з ужо моцна задымленага памяшкання... Падобных прыкладаў можна прывесці шмат – толькі ў 2020-м годзе ў краіне дзякуючы прыбору выратавана 65 чалавек, у тым ліку 21 дзіця.


Парушыць нават самы моцны сон

Як бы скептычна не адносіліся некаторыя да аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, гэта ўсё роўна надзейны спосаб абараніць сябе ад бяды, выратаваць жыццё і маёмасць. Апавяшчальнік рэагуе на любое задымленне і падае моцны гукавы сігнал. Гэта мы праверылі з інспектарам сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС К.І.Карзянок, правёўшы невялікі эксперымент: запальваем свечку сярэдняга памеру і затушваем, падносім прыбор – і ён праз некалькі секунд пачынае непрыемна пішчаць. “Калі на прафілактычных акцыях дэманструем ушачанам апавяшчальнік і яго гукі, усе кажуць, што закладвае вушы і просяць хутчэй яго выключыць. Сігнал здольны разбудзіць чалавека, які спіць, і заглушыць гукі любой бытавой тэхнікі. Прыбор абсалютна просты ў эксплуатацыі – дастаткова раз у год мяняць батарэйку. Калі прыйдзе пара гэта рабіць апавяшчальнік пачне падказваць вам перыядычным кароткім сігналам”, – адзначае Крысціна Ігараўна.

Абавязак ці рэкамендацыя?

Устаноўка прыбора носіць рэкамендацыйны характар. А вось для  ўсіх узводзімых прыватных дамоў і кватэр новабудоўляў гэта прадугледжана планам будаўніцтва. У такім выпадку жыхары не маюць права яго дэманціраваць. Ёсць і выпадкі-выключэнні. Напрыклад, калі сям’я трапіла ў спіс тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Зняць з уліку такую сям’ю ў выпадку выпраўлення можна будзе толькі пры наяўнасці ў домаўладанні пажарнага апавяшчальніка.

На кухні прыбору не месца

Дзе ўстанавіць прыбор? Не рэкамендуецца на кухні – выпарэнні ад ежы, што гатуецца на пліце, хутка выводзяць датчык з ладу. Лепш за ўсё размясціць у спальні і абавязкова ў дзіцячым пакоі. Аптымальная кропка – у цэнтральнай частцы столі з невялікім змяшчэннем у бок вакна ці дзвярэй, дзе адбываецца рух паветраных патокаў. Многія зараз скажуць, маўляў, у мяне нацяжная столь – таму прыбор мне не патрэбны. Дапускаецца ўстаноўка апавяшчальніка на сцяне на адлегласці ад столі ад 10 да 30 сантыметраў. Мацуецца апавяшчальнік да паверхні вельмі проста, з дапамогай шрубаў. Яшчэ больш надзейны варыянт – устаноўка прыбора з вывадам святлогукавога прыстасавання на фасад дома ці лесвічную пляцоўку. Калі сігнал не пачуе яго гаспадар, то пачуюць прахожыя, суседзі.

Дзе купіць?

Аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі можна купіць ва ўсіх магазінах Ушацкага філіяла, якія рэалізуюць нехарчовыя тавары. Напрыклад, у магазіне “Тэхнамір” прыбор кашту 12 рублёў, а ў “Гаспадары” – 16.95 адразу з батарэйкай. Апавяшчальнікі прадаюцца ва ўсіх сельскіх магазінах і аўтамагазінах, іх кошт можа крыху адрознівацца ў залежнасці ад завозу. Напрыклад, у Вялікіх Дольцах цана на прыбор  12.92. Таксама набыць аўтаномны пажарны апавяшчальнік прапануюць і ва ўсіх паштовых аддзяленнях па цане 9.46. “Е-дастаўка” прадае прыбор за 11.68, а ў “ОМА” яго цана вагаецца ад 12.30 да 13.87.

Супастаўляць кошт аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка з цаной чалавечага жыцця не мае сэнсу. І адказ на пытанне, ці трэба яго набываць, адназначны.

Смотреть все