(в будние дни с 8:00 до 17:00,
обед с 13:00 до 14:00)
Тэма, што на слыху кожнага абывацеля зараз – цукар. І зусім не з ягадным сезонам звязаны павышаны ажыятаж на салодкі тавар, а чуткамі пра хуткае падаражанне. Ці варта гэтага баяцца і ці хопіць цукру для ўсіх?
“У нас у летні перыяд заўсёды ўзнікае дадатковы попыт на цукар, паколькі гэта сезон нарыхтовак. Таму мы з канцэрнам “Белдзяржхарчпрам” штогод фарміруем графік пастаўкі цукру на ўнутраны рынак. Ён улічвае сезонны попыт і на бягучы момант выконваецца, прычым з пэўным запасам. Цукру ў краіне дастаткова для задавальнення патрэбнасцей, – сказаў намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец. – У асобных рэгіёнах сапраўды ўзнік дадатковы попыт. Паводле нашых ацэнак, гэта ў першую чаргу абумоўлена незразумелымі чуткамі наконт павышэння цэн. Хачу адзначыць, што гандлёвая надбаўка на цукар рэгулюецца, яна ўстаноўлена ў памеры 15 працэнтаў. Акрамя таго, вытворцы не павышаюць цэны. Мы лічым, што на бягучы момант цэны на цукар з’яўляюцца рыначнымі, даюць магчымасць забяспечыць рэнтабельную работу як прадпрыемствам, так і арганізацыям гандлю. Таму для нас у прынцыпе дзіўныя чуткі аб тым, што нібы плануецца рэзкае павышэнне цэн на цукар. Такія прапановы ў нас нават не абмяркоўваюцца”.
Ушаччына не адстае ад іншых рэгіёнаў у павышанай закупцы цукру. Гледзячы на тое, што адзін-другі пакупнік панёс некалькі ўпаковак, набываюць незапланаваны тавар і іншыя. Каб забяспечыць поўны запыт, у кожным раёне праводзіцца аналіз з забяспечанасцю салодкім таварам. У нас маніторынгі штодня праводзіць аддзел эканомікі. Як паведаміла намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Леанідаўна Хамёнак, цукар на 9 гадзін кожнага з апошніх дзён быў у наяўнасці літаральна ва ўсіх крамах райцэнтра, а яго запас складаў 3,8 тоны. Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства завозіць па 5 тон. А нават зараз, пры павышаным попыце, у дзень у гарпасёлку раскупляюць па 1,8 тоны. На працягу дня, асабліва вечарам, бывае, што цукра няма на паліцах, але гэта звязана з тым, што прадаўцы проста не паспелі яго вынесці ці падвезці, як было ў “Дабраноме”.
“Мы праз дзень атрымліваем па 2,2 тоны цукру, але паколькі зараз проста небывалы на яго запыт ці нехта не заўважыў яго ў другіх кропках, да вечара 21 ліпеня, сапраўды, усё раскупілі, аднак раніцай наступнага дня зноў прыйшло паступленне, з якім праблем не бывае”, – паведаміла загадчыца гандлёвай кропкі К.Марковіч. Ніколі не заставаліся без цукру “Санта” і “Еўраопт”. Як патлумачыла дырэктар апошняга магазіна А.Саднікава, сітуацыя адследжваецца на працягу дня. “Калі бачым, што засталося паўтоны, просім папоўніць запас – і яго хутка падвозяць. Людзі, пэўна, наглядзеліся “Цік-тока” і, падаграваючы адзін-аднаго, бяруць нават па 10 упаковак”.
Смотреть все