28 красавіка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. У Полацку з 28 па 30 красавіка пройдзе IV Міжнародны фестываль прафесійнага майстэрства "Лясныя гульні: новыя стандарты". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў філіяле БДТУ "Полацкі дзяржаўны лясны каледж".
Мерапрыемства, арганізаванае пры падтрымцы Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, збярэ на адной пляцоўцы каля 100 таленавітых і захопленых сваёй справай маладых людзей. Навучэнцы школьных лясніцтваў і каледжаў, студэнты ВНУ Беларусі, Расіі і ўпершыню Казахстана атрымаюць магчымасць прадэманстраваць сваё майстэрства, абмяняцца вопытам і пазмагацца за прэстыжнае званне лепшых у сваіх кампетэнцыях. Усяго ў спаборніцтвах прымуць удзел 22 каманды, у тым ліку зборная Міністэрства лясной гаспадаркі.
Як расказала метадыст філіяла БДТУ "Полацкі дзяржаўны лясны каледж" Ірына Гарбаценка, у гэтым годзе фестываль выйдзе за рамкі традыцыйных лясных спецыяльнасцей. У яго праграму ўключаны наступныя напрамкі: лясная гаспадарка і дрэваапрацоўка, індустрыя прыгажосці, бытавыя паслугі, сэрвіс і дызайн, аўтасправа.
Выпрабаванні пройдуць адразу на некалькіх пляцоўках, але галоўнай стане Полацкі дзяржаўны лясны каледж. Удзельнікам трэба будзе паказаць віртуознае валоданне бензапілой і ўменне ў разьбе па дрэве, прайсці квест "Лясная сцежка", праявіць прафесійныя навыкі аўтамеханіка - ад дыягностыкі да поўнага рамонту. У конкурсе "Цырульніцкае мастацтва" яны будуць ствараць вобраз для дэфіле.
У рамках фестывалю прадугледжана стажыроўка для педагагічных работнікаў. Акрамя гэтага, усіх гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства чакае насычаная забаўляльная праграма.-0-
Да спіса