Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па сінім
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
Навіны раёна
09.10.2024

Першы ў пасляпашавы перыяд семінар

У суботу кіраўнікі, заатэхнікі, ветурачы гаспадарак сабраліся на комплексе ў Селішчы на першы ў пасляпашавы перыяд семінар.

Падстава да гэтага – не толькі змена рэжымаў утрымання і прадказальнае падзенне малака. Старшыня Ушацкага райвыканкама С.С.Садоўскі заклікаў спецыялістаў улічыць усе праблемныя моманты, каб захаваць рост вытворчасці, які быў у сельгаспрадпрыемствах у першым паўгоддзі.

Не красяць статак ялавіцы

Так, нягледзячы на недахоп кармоў у зімовы перыяд, раён не толькі не знізіў надояў, аднак па асноўных, кантралюемых паказчыках знаходзіўся ў вобласці на пазіцыях лідараў. І зараз малака болей чым летась (104 працэнты).

Утрымаць дынаміку атрымаецца, аднак задача пастаўлена большая – выйсці на запланаваныя 3150 кілаграмаў. Лічбы незавоблачныя, аднак зусім няпростыя. Падзенне малака пачалося ў жніўні і працягнулася ў верасні.

Не такімі пажыўнымі сталі травы, адсутнасць ці недахоп камбікорму, чалавечы фактар, а таксама зніжэнне ў гэтыя месяцы ацёлаў.

Тут і крыецца, бадай, асноўная прычына. У “Дземенцы” чацвёртая частка дойнага статка не прыносіць прыплоду на працягу года.

А значыць і не дае малака зусім або вельмі мала. Раздаіць ялавіцу складана нават у хатніх умовах, ну а пры вялікай колькасці жывёлы – нерэальна.

Таму зноў выйшлі да галоўнага аспекту – лячэння жывёлы. Ветурачоў у гаспадарках не хапае, і выдатна, каб ва ўсіх прыжыўся ранейшы вопыт тых жа “Глыбачан”, калі асемянатар, які зацікаўлены ў прыплодзе матэрыяльна, і лячыў жывёлу.

Праваленымі ў плане пакрыцця летась аказаліся лістапад і снежань – таму работа над памылкамі зараз своечасовая. Наогул у жывёлаводаў яшчэ пяць месяцаў асемянення, якія “працуюць” на патомства, а значыць і малако 2025 года.

Таму і акцэнтавала асаблівую ўвагу начальнік райсельгасхарча Ю.М.Ладнова на дыспансерызацыі, каб выявіць рэальны стан здароўя дойнага статка.

Надой на карову ў параўнанні з 2023 годам па раёне павялічыўся на 177 літраў, у “Дземенцы” – на 332.

Што падаць на стол рагулям

У рацыёне дойнага статка “Дземенца” – сянаж з сіласам. Дадаюць буронкам шрот, молаты фураж і салому.

Апошняя ў дастатку, толькі вось аддачы ад яе не ўбачыш. Залаты корм варта далучаць хіба што каровам у запуску як напаўняльнік, а не тым, хто доіцца. Апошнім патрэбны сакавітыя “салаты”, толькі не ва ўсіх гаспадарках яшчэ “выспеў” сілас. Адкрываць траншэі можна не раней 21 дня пасля закрыцця, таму ў “Дземенцы” яго пакуль што пазычалі ў “Вялікадолецкім”.

Індывідуальнае меню пажадана стварыць для кожнай рагулі. Гэта датычыцца камбікорму ці молатага фуражу, які выдаецца на літр малака. Таму загадчык сектара арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці райсельгасхарча. Л.М.Міхаль нагадала аб абавязковых кантрольных дойках, каб ведаць, кілаграм або пяць сыпаць. Ці патрэбна вывешваць над стойлам “персанальныя даныя”? Залежыць ад даярак. Хаця і самая старанная наўрад ці будзе трымаць у галаве столькі лічбаў. Ды і сухастойным улік не пашкодзіць, паколькі перад расцёламі сухі паёк таксама мяняецца на сакавіты.

Усё пачынаецца з цяляці

Усё гэта – звенні тэхналагічнага ланцужка, які і аднаўлялі ў пачатку стойлавага перыяду, які распачаўся ва ўсіх гаспадарках – на гэтым тыдні ў памяшканні перайшлі апошнія гурты “Ільюшынскага”. Тэмпература паветра для жывёлы зараз самая камфортная, не баяцца яны і лёгкіх маразоў, а вось чыстае паветра, дзённае святло проста неабходна. І хлявы ў Селішчы – хутчэй узор таго, як не павінна быць. Вентыляцыя не працуе, змрочна, не наладжаны і прагулкі, ну а адкрытыя вароты прывядуць хутчэй да хваробы буронак, якія баяцца скразнякоў. Так, у падобных памяшканнях знаходзяцца ўсе статкі, за выключэннем комплексу ў Завячэллі.

Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што ў раёне абавязкова вырастуць новыя будынкі, аднак ялавыя, хворыя каровы нічога апроч страт не прынясуць і там, таму лячэнне, выбракоўка і замена статка – працэс пастаянны. Толькі вось кім мяняць? Гэта праблема для ўсіх гаспадарак, акрамя “Сафійскіх дароў” ды хіба “Дземенца”, дзе наяўнасць рамонтных цялушак блізкая да нормы – 121 працэнт пры раённым паказчыку – 112. Таму і зазірнулі пазапланава, у абыход тэмы, у прафілакторый.

На ферме ў Селішчы іх некалькі, гэты, невялікі – прыстасаваны паміж памяшканнямі. Ні адно цяля не высунула лычык з клеткі. Сытыя, яны адпачывалі на саломцы, а даглядчыца Ніна Усцін развешвала вядзерцы. Малыя іх часта ламаюць, таму і паказалі спецыялістам лайфхак з абрэзаных пластыкавых каністраў, па дзве – для камбікорму і вады. Парадак тут не паказны.

Менавіта ў “Дземенцы” самы лепшы сёлета паказчык па захаванасці маладняку, невытворчае выбыццё цялушак да народжаных – 14 працэнтаў пры раённых 35 і самы нізкі – тэхналагічных страт – 0,40 пры 1,62 адпаведна. А вось чым па-ранейшаму не можам пахваліцца, дык гэта якасцю малака. Нават вышэйшым гатункам паступае толькі 32 працэнты, не гаворачы пра “экстру”, якой у верасні не рэалізавана ні літра.

Да спіса