На Ушаччыне стартавала аперацыя “Мак”, якая будзе доўжыцца да 15 верасня. У гэты перыяд праваахоўнікі актывізуюць работу па выяўленні і знішчэнні маку (у тым ліку дэкаратыўнага), каноплі.
Нагадаю, што за іх пасеў, вырошчванне без мэты збыту прадугледжана адміністрацыйная адказнасць з накладаннем штрафу да 20 базавых велічынь. І зусім не важна, што такая расліна выпадкова з’явілася на ўчастку – гаспадары павінны своечасова прымаць меры па яе знішчэнні. А за збыт вырашчанага ці выраб з яго наркотыку, псіхатропу будзе ўзбуджана крымінальная справа,як вынік – штраф, арышт, абмежаванне ці пазбаўленне волі да трох гадоў. Тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна ці кампаніяй, павялічваюць такі тэрмін да сямі гадоў, а пры наяўнасці арганізаванай групы – да 15.
Наяўнасць маку на ўчастку павялічвае для гаспадароў пагрозу аказацца ў ліку пацярпелых ад крадзяжу, грабяжу, знішчэння ці пашкоджання маёмасці. А ўсё таму, што мак, каноплі прыцягваюць увагу наркаспажыўцоў.
Просім грамадзян, якія маюць інфармацыю пра асоб, што ўжываюць, распаўсюджваюць наркатычныя сродкі, вырошчваюць наркаўтрымліваючыя расліны, паведамляць пра гэта ў райаддзел міліцыі па тэлефонах: 5-74-84, (+375 29) 599-48-02 ці 102. Падкрэслю таксама, што асоба, якая добраахвотна здала наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх прэкурсоры і аналагі, актыўна садзейнічала выяўленню або спыненню злачынства, звязанага з незаконным абаротам такіх сродкаў, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці.
Сяргей РАМАШЭЎСКІ, оперупаўнаважаны
аддзялення крымінальнага вышуку Ушацкага РАУС