ЧАРГОВЫ КРОК ПАМЯЦІ
У панядзелак, 4 мая, мемарыяльны комплекс “Прарыў” зноў святочна расквеціўся сцягамі. Селета менавіта на гэтым свяшчэнным месцы праходзіў абласны этап Міжнароднай акцыі памяці “У гонар агульнай Перамогі”. Мерапрыемства адбывалася якраз ў 76-ую гадавіну прарыву варожай блакады партызанскімі брыгадамі Полацка-Лепельскай зоны, і было, канечне, не такім масавым, як у мінулыя гады. Але яно стала маштабным і значным па сваёй сутнасці – тут адбыўся ўрачысты мітынг-рэквіем, прысвечаны перадачы капсул з зямлёй, якую забіралі з месцаў крывавых баёў і воінскіх пахаванняў у кожным рэгіене Віцебшчыны ў рамках Міжнароднай акцыі памяці “У гонар агульнай Перамогі”.
На верхняй пляцоўцы мемарыяла размясціліся копіі сцяга Перамогі, а таксама захаваныя сцягі некаторых партызанскіх брыгад, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Віцебскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За подзвіг воінаў Чырвонай Арміі, партызан і падпольшчыкаў, здзейснены пры абароне і вызваленні беларускіх населеных пунктаў, Віцебск, Лепель, Орша, Полацк, Бягомль, Расоны, Сураж і Ушачы ўдастоены ганаровага вымпела “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”, прычым, наш гарадскі пасёлак – у ліку першых.
Удзел у мітынгу прынялі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў і яго намеснік Уладзімір Пятровіч Пенін, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генерал-маёр у адстаўцы Іван Аркадзьевіч Гардзейчык, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ветэранаў Сяргей Іосіфавіч Альсевіч, кіраўніцтва нашага раёна, прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Віцебшчыны – старшыні раённых Саветаў дэпутатаў або намеснікі старшынь райвыканкамаў. З кожнага рэгіёну прывезлі вянок з лампадкай і капсулу са свяшчэннай зямлёй – яе па чарзе перадавалі байцам, у вобразах якіх увасобіліся ўшацкія культработнікі. З “Прарыву” гэтыя сімвалічныя жмені зямлі адправіліся ў сталіцу, дзе ў Дзень Перамогі 9 Мая будуць сабраны ў крыпце храма-помніка у гонар Усіх Святых для вечнай малітвеннай памяці аб ахвярах выратавання Айчыны.
Капсулу з зямлёй, сабранай з 33 брацкіх магіл у нашым раёне, перадала старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч. Усяго ж на Віцебшчыне зямля была ўзята з 1485 памятных месцаў у 23 раёнах і гарадах. Акцыя нездарма носіць статус міжнароднай – памятную капсулу са Смаленшчыны, радзімы Героя Савецкага Саюза Міхаіла Аляксеевіча Ягорава, разведчыка партызанскага атрада Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, удзельніка легендарнага прарыву варожай блакады ў маі 1944-га, для адпраўкі яе ў Мінск перадаў першы сакратар Віцебскага абкама “БРСМ” Вячаслаў Хрол, які прымаў удзел у мерапрыемствах на тэрыторыі суседняй вобласці Расійскай Федэрацыі. Удзельнікам мітынгу нагадалі, што М.А.Ягораў прадоўжыў свой слаўны баявы шлях у Чырвонай Арміі, у складзе 150-ай стралковай ордэна Кутузава ІІ ступені Ідрыцкай дывізіі 79-га стралковага корпуса 3-й ударнай арміі 1-га Беларускага фронту, штурмавы сцяг якой разам з Мелітонам Кантарыя і ўзняў над Рэйхстагам у Берліне ў маі 1945 года. Назву “Ідрыцкая” дывізія атрымала, калі вызначылася пры вызваленні аднайменнага пасёлка на Пскоўшчыне ў Суражскім раёне. Удзельнікам мітынга зачыталі прывітанне, якое даслаў кіраўнік адміністрацыі гэтага расійскага рэгіёну Леанід Міхайлавіч Курсянкоў.
М.М.Шарснёў выказаў словы ўдзячнасці ветэранам вайны ўсіх нацыянальнасцей, адзначыў іх уклад у агульную Перамогу: “Гата сімвалічная акцыя – крок памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. 75-годдзе Перамогі адзначаем з асаблівым пачуццём удзячнасці да ўсіх ветэранаў і запэўніваем, што гісторыя вайны агульная для ўсіх – беларусаў, рускіх, палякаў, украінцаў, латышоў, малдаван і іншых народаў” . У.Г.Аўдошка ў сваёй прамове адзначыў, што мемарыяльны комплекс “Прарыў” быў, ёсць і будзе месцам патрыятычнага выхавання маладога пакалення не толькі Ушаччыны. Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў у размове з журналістамі падкрэсліў: “Не выпадкова, што завяршальны этап акцыі “У гонар агульнай Перамогі” праходзіць ва Ушацкім раёне. Менавіта ў гэты дзень 76 год таму тут быў здзейснены вялікі подзвіг, памяць аб якім ніколі не згасне – пакаленні пераможцаў цаной свайго жыцця праклалі шлях для будучыні, для нашага сённяшняга жыцця”.
Удзельнікі мітынгу ўсклалі вянкі і кветкі да пліт з імёнамі герояў прарыву, ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання. А да падножжа скульптуры партызана ляглі вянкі з лампадкамі ад раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў Віцебшчыны. У нашай вобласці за гады Вялікай Айчыннай вайны загінула звыш 560 тысяч чалавек, 221 населены пункт спалены разам з жыхарамі. У баях за вызваленне Прыдзвінскага краю 238 чалавек удастоены звання Героя Савецкага Саюза, прычым 122 з іх – ураджэнцы вобласці. Мы не забудзем загінуўшых абаронцаў Айчыны, тых, хто выжыў, перамог і аднаўляў мірнае жыццё, мільёны бязвінных ахвяр. Мы памятаем. Беларусь памятае.
Д.Раманоўскі.
Смотреть все