13 сакавіка, Віцебск /Алена Аніськовіч - БЕЛТА/. У Віцебскім аблвыканкаме адбылася сустрэча дэлегацыі Кашкадар'інскай вобласці Рэспублікі Узбекістан з кіраўніцтвам Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дэлегацыя з Узбекістана ў Віцебскай вобласці знаходзілася з 11 па 13 сакавіка. Яна наведала шэраг аграпрадпрыемстваў Віцебска, Віцебскага, Глыбоцкага, Ушацкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, азнаёмілася з іх дзейнасцю.
"Адносіны паміж Узбекістанам і Беларуссю год за годам пашыраюцца і развіваюцца. Мы прыехалі ў Віцебскую вобласць наладжваць адносіны па харчовай бяспецы. Мы ведаем, што па ўсім свеце прадукты Віцебскай вобласці і Беларусі цэняцца. Наша мэта - купіць у вас мяса, мясныя вырабы, малако, сухое малако і пастаўляць вам плодаагароднінную прадукцыю - сухафрукты, кавуны, дыні і іншае", - расказаў начальнік аддзела Упраўлення інвестыцый, прамысловасці і гандлю хакіміята Кашкадар'інскай вобласці Шахрыер Хамзаеў.
Ён таксама паведаміў, што ўжо заключаны кантракты з Віцебскім мясакамбінатам, Глыбоцкімі мясакамбінатам і малочнакансервавым камбінатам. Ва Узбекістан плануюцца пастаўкі ялавічыны. Першапачатковы аб'ём - 100 т за месяц. Таксама на сустрэчы ішла размова аб перспектывах стварэння на тэрыторыі Віцебскай вобласці прадпрыемстваў па вытворчасці ялавічыны. Узбекскі бок для гэтых мэт зацікавіла тэрыторыя Глыбоцкага раёна. На першапачатковым этапе плануецца вырошчваць 1 тыс. галоў, у перспектыве - да 10 тыс. галоў.
Госці з Узбекістана таксама выказалі зацікаўленасць у сумеснай кааперацыі: яны гатовы экспартаваць плодаагароднінную прадукцыю ў Віцебскую вобласць, якая, у сваю чаргу, паставіць ва Узбекістан дзіцячае харчаванне.
"Напрамкаў для супрацоўніцтва вельмі шмат, мы гатовы ў далейшым паглыбляць адносіны з Віцебскай вобласцю", - падкрэсліў Шахрыер Хамзаеў.-0-