Як ператварыць навуку ў захапляючае падарожжа і натхніць моладзь на смелыя адкрыцці, даведаліся ўдзельнікі інтэрактыўнай пляцоўкі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка "У будучыню - разам!", якая стала адным з зыходных пунктаў другога дня "Марафону адзінства" ў Оршы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Метадыст аддзела тэсціравання і прафарыентацыі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка Мікалай Гаўрылюк расказаў, што іх удзел у акцыі стаў не толькі магчымасцю прадставіць напрамкі работы тэхнапарка, але і спосабам прадэманстраваць адзінства з грамадствам.
"Наша экспазіцыя прадстаўляе ўсе асноўныя напрамкі тэхнапарка: інфармацыйныя тэхналогіі, інфармацыйная бяспека, машынабудаванне, лазерныя тэхналогіі, біятэхналогіі, архітэктура і дызайн, энергетыка будучыні. Асабліва хачу адзначыць супрацоўніцтва з "Расатамам" у рамках нашага атамнага цэнтра, які пашырае ідэі энергетычнай незалежнасці", - адзначыў Мікалай Гаўрылюк.
Паводле яго слоў, у тэхнапарку вучацца школьнікі 9-11-х класаў, і на некаторыя напрамкі конкурс на паступленне дасягае 8-9 чалавек на месца. Навучанне ўключае два цыклы заняткаў, дыстанцыйную адукацыю і абарону праекта, што ў далейшым дапамагае выпускнікам атрымаць рэкамендацыі для паступлення ў вядучыя ВНУ.
"Навучанне ў тэхнапарку дае не толькі веды, але і практычны вопыт, які дапамагае ўвасабляць ідэі ў жыццё. Нашы вучні распрацоўваюць праекты, вынікі якіх можна ўбачыць тут і цяпер", - падкрэсліў Мікалай Гаўрылюк.
Навука - гэта цікава і займальна, лічыць Ілья Хазанаў, вучань адной з гімназій Оршы. "Мне тут вельмі цікава - на кожным кроку якое-небудзь заданне. Гэта не толькі забавы, але і магчымасць абстрагавацца ад гульняў і заняцца чымсьці сапраўды карысным. Я ўжо быў у тэхнапарках у Мінску і Віцебску і кожны раз застаюся пад уражаннем", - падзяліўся ён. Паводле яго слоў, мерапрыемствы тэхнапарка дапамагаюць лепш зразумець навуку і развіць інтарэс да даследаванняў.
Максім Мішэвіч, вучань гімназіі нумар 1, наведаў пляцоўку тэхнапарка ўпершыню. Ён адзначыў цікавасць гульняў, прапанаваных на пляцоўцы. "Мне спадабалася гульня, у якой трэба было складваць шарыкі так, каб яны не падалі, і гульня на запамінанне. Гэта цікава і развівае мысленне", - расказаў ён.
Максім таксама падзяліўся сваімі ўяўленнямі аб прафесіі вучонага. "Вучоны - гэта чалавек, які распрацоўвае штосьці новае. Ён праводзіць вопыты і робіць штосьці карыснае для людзей. Гэта важная і захапляючая работа", - адзначыў гімназіст.
Інтэрактыўная пляцоўка Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка "У будучыню - разам!" у Оршы стала цудоўнай магчымасцю для школьнікаў не толькі даведацца аб навуковых дасягненнях, але і паспрабаваць свае сілы ў творчых і інтэлектуальных заданнях.-0-