Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Ушачский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
9 сентября 2019

Займаецца "Зара" над "Хадакова"

Для таго, каб успом­ніць час пачатку рэканструкцыі памяшканняў былой малочнатаварнай фермы "Хадакова", не прыйшлося уздымаць падшыўкі газеты мінулых гадоў – стартавала яна здаецца зусім нядаўна, у лютым бягучага года. Шчыра кажучы, не верылася тады, што аб'ект плануецца запусціць у жніўні-верасні, бо трэба было выканаць вельмі вялікія аб'ёмы работ, фактычна ад памяшканняў кароўнікаў засталіся голыя сцены, з якіх планавалася зрабіць міні-свінакомплекс на 5800 галоў. Але факт застаецца фактам – 5 верасня адбылося ўрачыстае адкрыццё вытворчага ўчастка "Хадакова". Зараз гэта племянны рэпрадуктар філіяла "Зара" закрытага акцыянернага таварыства "Віцебскаграпрадукт".

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Уладзіміравіч Машэра, старшыня Ушацкага райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка з намеснікамі і шматлікая дэлегацыя са структурных падраздзяленняў аграпрамысловага холдынгу "Славянскі велес", куды ўваходзіць ЗАТ "Віцебскаграпрадукт", на чале з яго кіраўніком Уладзімірам Пятровічам Некрашэвічам. Галоўным аграрнікам Віцебшчыны назваў гэтага бізнесмена ­А.У.Машэра і прывёў у пацвярджэнне сваіх слоў лічбы.

– Сёння група кампаній "Славянскі велес" выпускае каля 30 працэнтаў ад агульнай вытворчасці мяса ў нашай вобласці, – адзначыў Аляксандр Уладзіміравіч. – Аграхолдынг дынамічна развіваецца, будуе прадпрыемствы з нуля і дае новае жыццё закінутым аб'ектам, стварае новыя рабочыя месцы.

Паводле "Эканамічнай газеты", філіял "Зара" ЗАТ "Віцебскаграпрадукт" у Чашніцкім раёне, дзе прывагі свіней звыш кілаграма ў суткі сталі будзённасцю, у мінулым годзе прызнаны Мінсельгасхарчам лепшым свінакомплексам краіны, чацвёрты радок рэйтынгу займае лепельская гаспадарка "Дражна".

Аграхолдынг вядзе свой бізнес у палове раёнаў Віцебскай вобласці, мае аб'екты вытворчасці ў Мінскай і нават у Расійскай Федэрацыі, акрамя свініны пастаўляе на ўнутраны рынак і на экспарт мяса бройлераў і іншыя прадукты з птушкі. Трэба адзначыць, што вытворчы ўчастак "Хадакова" стаў не першым прадпрыемствам аграхолдынгу ў нашым раёне – літаральна за некалькі гадоў у флагмана прамысловасці пераўтварыўся філіял "Ушацкі" ЗАТ "Віцебскаграпрадукт" у вёсцы Старое Сяло, які перапрацоўвае адходы вытворчасці мяса ў кармавыя дабаўкі. Карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў раёна і магазін "Мясная лаўка", дзе прадаецца прадукцыя мясакамбіната "Славянскі", які таксама належыць аграхолдынгу. Дарэчы, такіх фірменных магазінаў у Віцебскай і Мінскай абласцях адкрыта ўжо звыш 40.

Вытворчы ўчастак "Хадакова" стане пачатковым звяном у шматступеньчатым ланцугу вырошчвання свіней. Ад свінаматак, якія тут размесцяцца, плануецца атрымліваць па тры тысячы парасят у месяц. Потым яны будуць пераводзіцца на аб'екты дарошчвання і адкорму на базе філіяла "Зара". Пра гэта паведаміў гасцям урачыстасці У.П.Некрашэвіч. Ён выказаў словы ўдзячнасці раённым уладам за садзейнічанне ў рэалізацыі інвестыцыйнага праекту, падзякаваў работнікам уласнай будаўнічай службы і Ушацкай ПМК-66, Ушацкага раёна электрычных сетак.

– Сюды мы інвесціравалі каля 1,3 мільёна долараў ЗША, – адзначыў Уладзімір Пятровіч. – Сродкі вялікія, але племянны рэпрадуктар нам быў неабходны для фарміравання ўласнага матачнага пагалоўя сучасных парод і асваення вытворчасці парасят па тэхналогіі інтэнсіўнага выкарыстання матачнага статку.
На прадпрыемстве створана 28 рабочых месцаў, што вельмі важна для гэтай часткі раёна – побач знаходзяцца буйныя населеныя пункты Вяркуды, Дубраўка, якія былі калісьці цэнтрамі ліквідаваных сельгаспрадпрыемстваў, і праблема працаўладкавання людзей стаяла востра. І аб'ект, які значны час не выкарыстоўваўся, быў закансерваваны, нарэшце ўцягнуты ў гаспадарчы абарот. За гэта ў сваю чаргу У.П.Некрашэвічу дзякаваў старшыня Ушацкага райвыканкама У.Г.Аўдошка.

Пасля таго, як была перарэзана сімвалічная чырвоная стужка, усіх гасцей запрасілі на экскурсію па памяшканнях комплексу. Тут устаноўлена самае сучаснае абсталяванне, многія працэсы аўтаматызаваны. Зараз на "Хадакова" завозіцца жывёла і пабочным людзям уваход на аб'ект забаронены – у сувязі з эпізаатычнай сітуацыяй прымаюцца ўсе меры санітарнай бяспекі. У сур'ёзнай фірмы і падыход сур'ёзны – да любой справы.

Д.Раманоўскі.

К списку новостей