Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Ушачский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
16 августа 2019

СВЯТА З МЯДОВЫМ СМАКАМ

У сераду пляцоўка ля раённага цэнтра культуры і народнай творчасці неафіцыйна атрымала назву Мядовай. У гэты дзень тут праходзіла самае салодкае і смачнае дзейства лета – свята мёду. Майскі і рознатрававы, пярга і праполіс – з самай раніцы ля гандлёвых кропак з духмянай прадукцыяй выстройваліся чэргі. І без пакупак ніхто не заставаўся.

Святочная пляцоўка, сапраўды, нагадвала міні-гарадок, дзе пчаляры частавалі ўсіх мёдам уласнай вытворчасці. Благачынны Ушацкага раёна протаіерэй Вячаслаў Лобец павіншаваў вернікаў з Мядовым спасам і асвяціў новы збор салодкага ўраджаю. Жадаючых набыць рознакаляровыя слоікі са смачным змесцівам было шмат. А цана на прадукт не біла моцна па кішэні (ад 5 да 7 рублёў за паўлітра).

“З вясны было надзвычай многа мёду, зараз – з-за дажджлівага лета – менш, аднак якасць заўсёды на вышыні!” – запэўніла нас сям'я Марковічаў, якая на сваёй пасецы ў Арцюшках трымае 35 пчаліных сямей. Ушачане і госці райцэнтра мелі магчымасць не толькі прадэгуставаць і набыць мядок, забрус, соты, але і атрымаць цікавую інфармацыю пра іх уласцівасці ад вопытнага пчаляра Анатоля Цярэнцьевіча, а таксама парады па правільным ужыванні ад Галіны Мікалаеўны. Гэта той выпадак, калі можна казаць пра ўдалы падзел абавязкаў у сямейнай справе: муж запраўляе вытворчым працэсам, жонка – пытаннямі рэалізацыі. Ва ўзгаданы дзень на “ўра” разыходзіліся ў Марковічаў маслападобны мядок з крушыны і маліны, а таксама “мядовая ікра” з дзьмухаўцоў, лазы і квітнеючага сада.

 “Пчалярства – няпростая справа, – хаваючы пацёртыя ад “пасечных” работ рукі, адзначае Іван Уладзіміравіч Хамёнак. – Тут галоўнае – цярпенне і працалюбства. Пакуль іншыя ў летнюю спёку адпачываюць ля вадаёмаў, мне даводзіцца ў шчыльным касцюме займацца “вытворчасцю”. І так на працягу 30 апошніх гадоў! Разам з жонкай Алесяй Анатольеўнай маем дзве пасекі – у Кавалеўшчыне і Слабадзе, а гэта больш за сто сямей”.

У жыхара Шнітак Мікалая Васільевіча Бурака гаспадарка значна меншая, аднак мёду хапае і сабе, і родным, і на продаж крыху застаецца. Дапамагаюць жа мужчыну спраўляцца з пчоламі жонка і ўнучка.

Дзевяць гадоў таму даволі нечакана для сябе прыйшлі ў пчалярства Наталля Віктараўна і Аляксандр Мікалаевіч Гваздзёвы – захапленне прывіў мужу калега па рабоце Пётр Пятровіч Лукашэвіч. Зараз сямейны дуэт даглядае 70 вулляў на некалькіх пасеках, самая вялікая з якіх знаходзіцца ў Ільюшыне. “Гэта прыбытковы занятак, які да таго ж прыносіць задавальненне, – кажа мужчына. – Усім пакупнікам стараюся расказаць пра карысць прадукцыі. Праполіс, да прыкладу, – выдатны антыбіётык і сродак ад зубнога болю, а майскі мёд дапамагае пры лячэнні хвароб печані, атэрасклерозу, паляпшае зрок, умацоўвае валасы і наогул аказвае станоўчае ўздзеянне на арганізм”.

Актыўна рэкламавалі сваю прадукцыю на свяце Валянціна Пятроўна і Мікалай Пятровіч Глінскія: “Мы з Пяскоў, вёскі з экалагічна чыстай зоны!” Мёд у іх быў некалькіх відаў, але асноўная колькасць з разнатраўя. Ужо не назавеш аматарамі, як падчас правядзення першых мерапрыемстваў, сям’ю Мацюшэнак з Цялічына – ужо напрацавана свая кліентура, прычым не толькі сярод ушачан.

Ёсць свая пчалапасека і ва Ушацкім лясгасе, якая забяспечвае мёдам не толькі работнікаў, але і насельніцтва. Вось і падчас мерапрыемства работнікі лясной гаспадаркі прапаноўвалі пакупнікам салодкую прадукцыю, попытам карысталіся таксама дэкаратыўныя іглічныя расліны – туя, ядловец, спірэя.

“Мёд на стале нашай сям’і ёсць пастаянна, – падзялілася з намі юная ўшачанка Эвеліна Кляшчонак, якая прыйшла на свята з бабуляй Жаннай Уладзіміраўнай. – Лыжачка такога прадукту – і ніякіх цукерак не патрэбна. А яшчэ надзвычай смачны торт-медавік гатуе мая матуля”.

Яркасць мерапрыемству надавала насычаная забаўляльная праграма з песнямі, танцамі, віктарынамі. Мёд, разнастайныя кандытарскія вырабы і чаі прапаноўвала ўшачанам райспажыўтаварыства – паспытаць прысмакі можна было за столікам пад адкрытым небам. Тэматычную выставу падрыхтавалі работнікі раённай бібліятэкі: тут можна было даведацца пра гаючыя ўласцівасці мёду, знайсці адмысловыя рэцэпты. Ну а ў маленькіх ушачан было сваё свята: для іх працавала дзіцячая пляцоўка з рознымі гульнямі, конкурсамі і прызамі. Карацей кажучы, усім было цікава, весела і… смачна.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

К списку новостей