Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Ушачский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
2 сентября 2019

ДЗЕНЬ БЯСПЕКІ СТАРТАВАЎ!

Толькі ўдумайцеся, што кожны год Віцебшчына губляе больш тысячы свайго насельніцтва толькі ад знешніх прычын! Жыццё людзей абрываецца на пажарах, у аўтааварыях, з-за самагубстваў, атручвання алкаголем. Каб звесці да мінімуму гэтую лічбу, у краіне праводзіцца нямала прафілактычных мерапрыемстваў, сярод іх і адзіны дзень бяспекі. У нядзелю ва Ушачах быў дадзены старт гэтаму мерапрыемству, якое пераўтварылася ў сапраўднае свята, на якое ўшачане накіроўваліся цэлымі сем’ямі.

На стаянцы каля РДК свае тэматычныя пляцоўкі разгарнулі многія арганізацыі, якія маюць дачыненне да тэмы бяспекі. Усе прысутныя маглі не толькі азнаёміцца са сродкамі выратавання, а і ў займальнай форме засвоіць патрэбныя ў паўсядзённым жыцці навыкі. Як слушна заўважыла намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч, вітаючы ўдзельнікаў, кожны з нас павінен запомніць галоўнае: жыццё чалавека даражэй за ўсё, пра яго павінен клапаціцца не хтосьці, а і кожны сам.

Тон святу задалі выратавальнікі. З тэста па бяспецы і дзеці і дарослыя засвоілі, што падчас пажару нельга карыстацца ліфтам, масла на патэльні ні ў якім разе не тушыць вадой, што падчас навальніцы не варта карыстацца мабільнікам, а выклікаць выратавальнікаў можна не толькі па нумары 101, а і адзіным – 112. З задавальненнем дзеці ўдзельнічалі ў тэматычных конкурсах МНС і складалі пазлы з героямі мультфільма “Чароўная кніга МНС”. У сваю чаргу сурацоўнікі МНС былі шчодрымі на прэзенты – памяткі, размалёўкі, закладкі, кніжкі. Як заўсёды нямала было жадаючых прымерыць баявую вопратку выратавальнікаў і пасядзець за рулём пажарнай машыны. “Не чакалі, што будзе столькі жадаючых праверыць свае навыкі карыстання вогнетушыцелем. Для тых, хто не памятае, нагадаю: трэба сарваць пломбу, выдзернуць чаку, накіраваць раструб на ачаг узгарання і нажаць на рычаг,” – адзначыў начальнік райааддзела па надзвычайных сітуацыях С.Я.Аваднёў.

“Метал рэжуць, быццам паперу!” – здзіўляліся прысутныя, калі выратавальнікі яшчэ і дэманстравалі магчымасці свайго абсталявання, якое прымяняецца падчас дарожна-транспартных здарэнняў. Шмат эмоцый выклікаў і “дождж” з пажарнай аўтацыстэрны.

Нямала фота за гадзіну было зроблена і каля пляцоўкі райаддзела ўнутраных спраў, дзе падлеткі і дзеці прымяралі каскі і бронежылеты, трымалі рацыю і гучнагаварыцель.

Было што не толькі паказаць, а і расказаць работнікам газавай службы. Напрыклад, вы ведаеце, што наяўнасць у паветры 1% угарнага газу – смяротная канцэнтрацыя для чалавека, дастаткова 2-3 удыхаў, каб адбылося непапраўнае. Пазбегнуць смяротнай пагрозы дапаможа апавяшчальнік угарнага газу. Многія памылкова лічаць, што ён не адрозніваецца ад аўтаномнага пажарнага, аднак гэта розныя рэчы – апошні рэагуе на задымленне ў памяшканні. Газавікі прыхапілі з сабой не толькі адмысловыя прылады, якімі яны штодня карыстаюцца ў рабоце, а і, напрыклад, планшэт, на якім бачны ўсе газавыя сеткі Ушаччыны, а таксама змяшчаецца інфармацыя пра кожнае домаўладанне і абанента.

Калі самыя маленькія ўдзельнікі свята імкнуліся ўвайсці ў ролі выратавальнікаў і міліцыянераў, то старэйшае пакаленне не адыходзіла ад прадстаўнікоў райбальніцы. “Важныя крокі на шляху да моцнага здароўя – гэта правільнае харчаванне (пажадана пяціразовае), кантроль ціску і вагі, адмова ад шкодных звычак”, – зазначыла намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Н.В.Дрозд. Ну а ўсе жадаючыя маглі прама на свяце змерыць свае вагу і ціск, пракансультавацца са спецыялістамі. Зрэшты, пра здароўе вялі гаворку і спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якія сцвярджалі, што ўжыванне піва і курэнне негатыўна ўплываюць на арганізм чалавека, а таксама нагадвалі пра меры перасцярогі падчас барацьбы з баршчэўнікам: скошваць яго лепш у пахмурнае надвор’е, апрануўшы шчыльную вопратку, пальчаткі, акуляры. Калі сок расліны трапіў на вашу скуру – адразу ідзіце ў цень і як мага хутчэй прамыйце паражоны ўчастак вадой з густой мыльнай пенай. На працягу некалькіх тыдняў хавайце пашкоджанае месца ад сонца.

Як аказаць дапамогу тапельцу гатовы былі паведаміць прадстаўнікі раённага таварыства выратавання на водах. Знайшлося што сказаць пра бяспеку і прадстаўнікам энерганагляду, а таксама жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Апошнія, напрыклад, падкрэслівалі, што захламленне пад’ездаў жыхарамі шматпавярховак можа перашкаджаць аператыўнаму аказанню дапамогі экстранымі службамі. Суправаджалася ж мерапрыемства канцэртам, які падрыхтавалі работнікі культуры.

– Ішлі ў выхадны дзень з дачушкай на рынак дакупіць тое-сёё да школы і не змаглі прайсці міма! На кожным кроку шмат цікавага і карыснага, – казала Вікторыя Чорная і яе меркаванне раздзялялі ўсе, хто зазірнуў у першы дзень восені на мерапрыемства.

Старт адзінага дня бяспекі ва Ушачах сапраўды атрымаўся яркім. У яго рамках да 10 верасня пройдзе яшчэ шмат разнапланавых прафілактычных мерапрыемстваў па ўсім раёне.

В.КАМАРКОВА.

К списку новостей