• Физкультурно-оздоровительный комплекс "Юность-Ушачи"Физкультурно-оздоровительный комплекс "Юность-Ушачи"
  • Панорама УшачиПанорама Ушачи
  • Обряд "Зажинки"Обряд "Зажинки"
  • Костёл св. Лаврена в г.п. Ушачи и городская танцплощадкаКостёл св. Лаврена в г.п. Ушачи и городская танцплощадка
  • Памятник погибшим воинам и партизанам в г.п. УшачиПамятник погибшим воинам и партизанам в г.п. Ушачи
  • музей народной славы имени Героя Советского Союза В.Е.Лобанкамузей народной славы имени Героя Советского Союза В.Е.Лобанка
  • Мемориальный комплекс «Прорыв»Мемориальный комплекс «Прорыв»
Главная -  Новости -  Новости района

Хай помняцца афганскія падзеі і не змяншаецца “чырвоны” стэнд

16.02.2021

“У гэты дзень – усе справы ў бок!“ – калі такія словы 15 лютага вымаўляюць былыя афганцы – гэта цалкам звыкла. Нам жа давялося іх пачуць ад ушачанак Ліліі Мураўскай і Яўгеніі Пятніцы. Жанчыны прызналіся, што гэтую дату яны штораз чакаюць з унутраным хваляваннем і ніколі не прапускаюць мерапрыемстваў да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У адной праз афганскае пекла прайшоў брат Рыгор Клачок, у другой – муж Віктар Пятніца. Мужчын абмінулі кулі душманаў, але цяжар перажытага наклаў адбітак на іх лёс – і вось ужо больш дзясятка год у традыцыйным аб’ездзе ўшацкіх ветэранаў-афганцаў значацца іх магілы ў Афераўшчыне і Ваўчо…
Прыпынкаў на гэтым жалобным маршруце год ад году ўсё больш. Час няўмольны, але недапушчальна, каб сышлі ў нябыт імёны і подзвігі герояў той вайны. Менавіта гэты лейтматыў закладзены ў аснову ўрачыстасці, што ладзіцца ў дату вываду апошніх савецкіх часцей з Афганістана. Арганізатары заўсёды стараюцца, каб яна атрымалася ўзнёслай і шчымлівай. Менавіта такой атмасферай была прасякнута ўся праграма сёлетняга мерапрыемства.
Распачаў жа яе мітынг, падчас якога былі ўскладзены вянкі і кветкі да памятнага знака ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў, прагучалі прывітальныя словы з вуснаў начальніка адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Леаніда Пятровіча Шахноўскага, а таксама супрацоўніка МНС Мікалая Шустрова, які выступіў ад імя маладога пакалення ўшачан. Урачыстасць працягнулася ў прыгожай канцэртнай зале новай дзіцячай школы мастацтваў, дзе з прамовай да прысутных звярнуліся старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, кіраўнік раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Анатоль Валянцінавіч Рудкоўскі. Яны падкрэслілі, што пакуль мы памятаем подзвігі герояў – яны застаюцца з намі, і пажадалі ўсім самага галоўнага – міру на нашай зямлі.
Спецыяльную праграму да мерапрыемства падрыхтавалі ўшацкія культработнікі: іх песні і пастаноўкі краналі за душу. Гучалі са сцэны не толькі патрыятычныя кампазіцыі, а і фартэпіянная музыка ў выкананні настаўнікаў і вучняў школы мастацтваў. Уражваючым момантам стала ўручэнне галоўным героям імпрэзы кветак і памятных падарункаў, вырабленых майстрамі Дома рамёстваў.
І ўжо традыцыйна падчас падобных святаў супрацоўнікі музея імя У.Е.Лабанка і раённай бібліятэкі разгортваюць у фае тэматычныя выставы. “Які я быў малады! Нават не верыцца!” – зазначаў, гледзячы на ўласнае фота афганскіх часоў, Ігар Лёля. “Паглядзіце, а Вася Полазаў зусім не змяніўся! Нават вусы такія ж!” – з усмешкай казалі сябры аднаго з актывістаў раённай арганізацыі. Хоць не было на сустрэчы Генадзя Хадасевіча, але прозвішча яго прыгадвалася, калі школьнікі, якія таксама прысутнічалі на мерапрыемстве, запыталіся, чый ваенны кіцель прадстаўлены ў экспазіцыі. І калі ля той часткі стэндаў, дзе фатаграфіі афганцаў былі размешчаны на чырвоным фоне, панавала ажыўленая атмасфера, то здымкі на чорным людзі разглядалі сцішана і самотна, бо належалі яны тым, каго з намі ўжо няма. Тут і знаёмыя ўсім твары трох ушацкіх герояў, жыццё якіх абарвалася ў Афганістане, Міхаіла Хрыпача, Мікалая Ключонка і Аляксандра Клачка, і новыя прозвішчы. Так, напрыклад, літаральна днямі родныя перадалі ў музей фота і афганскую характарыстыку Міхаіла Касцюковіча з Двор Пліна, які з 1982 па 1984 быў у ДРА фельчарам медпункта. Папоўнілі экспазіцыю дакументы і здымкі Івана Казачонка, Васіля Гулевіча, Дзмітрыя Рыбчынскага...
Адзін за адным паўставалі перад вачыма твары з “чорнага” стэнда, калі разам з прадстаўнікамі раённай улады і ветэранамі-афганцамі мы накіраваліся да месцаў пахавання іх баявых сяброў. Большасць з мужчын пайшлі з жыцця ўжо ў мірны час з-за праблем са здароўем, у выніку няшчасных выпадкаў. З’явіліся на звыклых маршрутах і новыя “адрасы” – здаецца, зусім нядаўна быў удзельнікам такіх сустрэч Мікалай Джураеў, а вось ужо глядзіць на сяброў з гранітнага помніка. А яшчэ афганцы высветлілі, што на сваёй малой радзіме ў Залужэнні пахаваны Рыгор Булаеў, які жыў у Віцебску. Такія паездкі, канечне, для хлопцаў маральна цяжкія, але яны лічаць іх абсалютнай неабходнасцю. І нават моцныя маразы і сумёты на вясковых могілках не сталі перашкодай таму, каб да кожнага помніка 15 лютага ляглі чырвоныя гваздзікі.
І, канечне, падчас такіх аб’ездаў хлопцы заўсёды прыгадваюць акалічнасці службы, успамінаюць аднапалчан. “Мы з ім былі ў адным пагранатрадзе! – расказваў Аляксандр Аўдошка ля магілы Сяргея Смаргуна на Глыбачанскіх могілках. – Такі просты быў хлопец і вельмі вясёлы…” “Я таксама яго добра ведаў – разам вучыліся ў Уле на трактарыста”, – дадаў Аляксандр Есаулкаў. Прыгадаў былы механік-вадзіцель БМП і ўласныя афганскія будні: як суправаджалі пад агнём калоны, як для маскіроўкі на часовых пастах амаль цалкам закапвалі машыны ў пясок. А яшчэ як вярнуўся са службы без папярэджання ў роднае Цётча і ўбачыў на дзвярах замок: маці якраз паехала на кані ў Вяркуды, каб паслаць яму ў армію грошы…
А з чым можна параўнаць гора матуль, якім давялося пахаваць сваіх сыноў! Падчас аб’езду абавязковай кропкай у маршруце значацца Мажуйкі. “Хлопчыкі мае, як я рада вас усіх бачыць!” – не хавала радасці Ганна Тарасаўна Ключонак. Да магілы сына Мікалая яна сёлета не дайшла, але чакала гасцей дома. “Нядаўна захварэла і ляжала ў бальніцы, аднак да гэтай даты цвёрда вырашыла: трэба выздаравець – і тое, што вы сёння зноў да мяне завіталі, мне моцна грэе душу”, – казала пажылая жанчына. У кожнага з афганцаў яна распытала пра справы, доўга не хацела адпускаць, а калі яны абдымалі яе за плечы, хоць і абяцала, але не магла стрымаць слёз. З сумам дадаючы, што сёлета ўжо не сустрэне воінаў-інтэрнацыяналістаў у Дубінцы яе сяброўка па няшчасці Валянціна Аляксандраўна Клачок, душа якой дзесьці на нябёсах урэшце з’ядналася з адабраным вайной сыночкам...
Шчыра дзякавалі за ўвагу Аліна Андрэеўна Краснова ў Дубраўцы і Марыя Станіславаўна Сідаровіч у Рыбаках, калі старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч і намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч перадалі ім падарункі ад “Белай Русі” – раённая арганізацыя гэтага грамадскага аб’яднання такім чынам выказала павагу і да матуль, чые дзеці загінулі пры праходжанні тэрміновай воінскай службы ў мірны час.
…32 гады прайшло з часу, як апошні воін-інтэрнацыяналіст вярнуўся з чужой непрыветлівай краіны. На гэты палігон вялікай сусветнай палітыкі, якім стаў у той час Афганістан, нашы хлопцы трапілі не па сваёй волі, але ваявалі бясстрашна і мужна, паказалі сапраўдны прыклад вернасці ваеннай прысязе. Ды ўсё ж вельмі хочацца, каб у цяперашніх пакаленняў беларускіх вайскоўцаў такіх выпрабаванняў не было.
Н.БАГДАНОВІЧ, В.КАМАРКОВА.