• Физкультурно-оздоровительный комплекс "Юность-Ушачи"Физкультурно-оздоровительный комплекс "Юность-Ушачи"
  • Панорама УшачиПанорама Ушачи
  • Обряд "Зажинки"Обряд "Зажинки"
  • Костёл св. Лаврена в г.п. Ушачи и городская танцплощадкаКостёл св. Лаврена в г.п. Ушачи и городская танцплощадка
  • Памятник погибшим воинам и партизанам в г.п. УшачиПамятник погибшим воинам и партизанам в г.п. Ушачи
  • музей народной славы имени Героя Советского Союза В.Е.Лобанкамузей народной славы имени Героя Советского Союза В.Е.Лобанка
  • Мемориальный комплекс «Прорыв»Мемориальный комплекс «Прорыв»
Главная -  Новости -  Новости района

Разам са сваёй краінай

06.07.2017

Амаль у кожнай нашай сям’і падчас Вялікай Айчыннай вайны хтосьці са зброяй ў руках змагаўся з ворагам на франтах ці ў партызанскіх атрадах, амаль кожная страціла блізкіх. Але памяць аб продках, якія цаной жыцця адстаялі свабоду Радзімы, а потым за лічаныя пяцігодкі адбудавалі яе наноў, укаранілася ў сэрцах нашчадкаў і жыве з пакалення ў пакаленне. Зараз ужо ўнукі і праўнукі салдат Перамогі як рэліквіі захоўваюць пажоўклыя лісты без зваротнага адрасу, гармонь, што дайшла да Берліна, або бляшаны партсігар, які засланіў сэрца дзеда ад варожай кулі… Гэтыя звычайныя рэчы такія ж дарагія, як і ўзнагароды. Яны, дарэчы, з кожным годам усё больш і больш займаюць месца ў шафах і на паліцах музеяў – не шкадуе час тых, хто заваяваў нашу Незалежнасць.

3 ліпеня з раніцы настрой у Кацярыны Мікалаеўны Васілеўскай і Ніны Ягораўны Кальверш быў святочным. Былыя партызанкі, якія першымі прыбылі на сустрэчу са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Генадзьевічам Аўдошкам, як роднага віталі таварыша па зброі Мікалая Дзмітрыевіча Клачка. “Калі Крупеня не прыездзе, то не ведаем як цябе, Дзмітрыевіч, і падзяліць!” – сапраўды не старэюць душой ветэраны. Але неўзабаве Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня далучыўся да баявых сяброў і ўсе разам яны шчыра дзякавалі раённым уладам за арганізацыю мерапрыемства – у розных канцах раёна жывуць гэтыя людзі, таму сустрэчы на Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца практычна адзінай магчымасцю ўбачыцца зноў.

Тым часам жыхары і госці раёна наведвалі палаткі райспажыўтаврыства, цікавіліся работамі на выставах народных умельцаў, мелі магчымасць паўдзельнічаць у мерапрыемствах на спартыўных і гульнявых пляцоўках. А самых маленькіх разнастайнасцю конкурсаў, салодкімі прысмакамі і святочнай атрыбутыкай вабіў “Горад дзяцінства”, які размясціўся ў скверы. Работнікі гандлю, культуры, спорту і турызму, райкама БРСМ пастараліся стварыць для людзей атмасферу сапраўднага свята.
Тое, што яно галоўнае ў краіне, падкрэслівалі многія. Пасля ўскладання вянкоў і кветак да брацкай магілы воінаў і партызан у гарпасёлку, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў улады, працоўных калектываў Ушаччыны, грамадскіх і прафсаюзных аб’яднанняў, святочная калона накіравалася на мемарыяльны комплекс “Прарыў”. Там традыцыйна было людна – на свяшчэннае для ўшачан месца многія прыязджаюць па закліку сэрца, кожны год тут многа дзяцей, якія з задавальненнем гуляюць на тэрыторыі абноўленага мемарыяла, а выстава ваеннай тэхнікі стала сапраўднай пляцоўкай для фотасесій. Зноў на “Прарыве” былі іншагароднія госці – гісторыя іх сямей непарыўна звязана з подзвігамі народных мсціўцаў “партызанскай рэспублікі”.

Міхаіл Пятровіч Хоміч узначальвае Ушацкі сельвыканкам не так даўно, але ўжо спаўна адчуў, які стратэгічны ў плане грамадзянска-патрыятычнага выхавання аб’ект знаходзіцца на яго тэрыторыі. Таму і прыслухоўваўся да ўражанняў гасцей і радаваўся, што ўсе яны былі ў адным ключы: “Малайцы, што аднавілі мемарыял”. Пазнаёміў мяне Міхаіл Пятровіч і з чалавекам, які быў тут непасрэдна падчас прарыву варожай блакады ў маі 1944-га. Палачанін Генадзь Аляксеевіч Булаў добра памятае тыя нялёгкія часы:

– Родам я з Пуканаўкі былога Ветрынскага раёна. З маёй сям’і трое былі на фронце, а ў 1942-1944 гадах у нашай хаце размяшчалася майстэрня па рамонце зброі. Партызаны аднаўлялі пашкоджаную, згарэлую, а часам і новую: гэта ў вас дзейнічалі аэрадромы, а нам самалёты з Вялікай зямлі проста скідвалі зброю зверху – здаралася, што ў вінтовак гнуліся ствалы, ламаліся прыклады. Падчас карнай экспедыцыі трапілі ў акружэнне, тры разы былі ва Ушачах на “сарціроўцы”: яўрэяў адбіралі для расстрэлу, моладзь – на работы ў Германію, астатніх, хто мог трымаць у руках інструмент, застаўлялі працаваць на ворага. Бацька мой цудам уцалеў – немец знайшоў у нас на падводзе яўрэйскую дзяўчынку, якая там ратавалася. А дзякуючы тату і я выжыў. Ён у мяне ваяваў з немцамі яшчэ ў 1914 годзе, быў “стрэляны”. Таму калі прарываліся з матырынскага лесу следам за партызанскімі атрадамі, у напрамку чыгункі мы адразу не пайшлі, а прабіраліся праз некаторы час – канава па якой ішлі была чырвонай ад крыві. Памятаю як зараз і да канца сваіх дзён не забуду…


Не забудзем гэта і мы, бо ў соцень сучаснікаў на мемарыяле “імянныя” пліты. Напрыклад, калі члены прэзідыуму накіраваліся да іх падчас цырымоніі ўскладання кветак і вянкоў, пракурор раёна Максім Міхайлавіч Падворны звыклым маршрутам падышоў да той, куды прыходзіў не адзін дзясятак разоў – з прозвішчам роднага брата дзядулі.

Разам з беларускай і рускай мовамі гучала сёлета на “Прарыве” і польская. Упершыню ў святкаванні дня беларускай дзяржаўнасці прынялі ўдзел прадстаўнікі польскай дэлегацыі з Тамашаўскага павета Лодзінскага ваяводства – рэгіёна-пабраціма нашага раёна. Услед за вянком ад раённых улад, які ўсклалі старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка і старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, чырвоныя гваздзікі да цёмных пліт ляглі і ад заходніх суседзяў-славян. Кіраўнік польскай дэлегацыі, віцэ-стараста Тамашаўскага павета Барбара Робак адзначыла, што мы справядліва сёння ганарымся сваёй незалежнасцю, бо не гледзячы на ўсе жыццёвыя выпрабаванні, нішто не зрабіла нас жорсткімі і абыякавымі, а далёка за межамі нашай краіны беларускі народ славіцца працавітасцю і сумленнасцю, ветлівасцю, гасціннасцю і дабрынёй.

Мінула 73 гады, як на нашу зямлю пасля вызвалення прыйшлі мір і спакой. І тое, што наш народ стварыў за гэты час, ляжыць у аснове цяперашняй стабільнасці нашага грамадства, у аснове будучыні нашай краіны. У ёй жыве працавіты народ, выдатная моладзь і ёсць усе нагоды быць упэўненымі ў тым, што разам мы зможам пераадолець цяжкасці, бо сёння адказнасць за лёс Радзімы ляжыць на нас. Аб гэтым казалі падчас правядзення ўрачыстага мітынгу У.Г.Аўдошка і прадстаўнік моладзі Аляксей Казлоўскі. Яны жадалі ўсім прысутным упэўненасці ва ўласных сілах, плённай працы на карысць нашай любімай Беларусі.

Культработнікі наладзілі на “Прарыве” цікавую пастаноўку, дзе адлюстравалі сувязь вякоў, уручылі хлеб-соль ветэранам, а пасля заканчэння танцавальнага нумара дзеці выпусцілі ў неба паветраныя шарыкі з папяровымі галубамі. Усмешкі на тварах, на адзенні – яблыневы цвет, як сучасны сімвал Вялікай Перамогі, міру і стваральнасці. Такія малюнкі панавалі і ва Ушачах, дзе працягваліся гулянні. Не ўсіх жадаючых змясціла зала раённага Дома культуры на канцэрце Мікалая Скорыкава, які ў сваю чаргу заўсёды набіраецца пазітыўных эмоцый ад удзячных ушацкіх гледачоў. Эстраднай праграмай парадавалі іх і самадзейныя артысты Ушаччыны, а завяршыліся святочныя мерапрыемствы акцыяй “Спяём гімн разам”. Разам з краінай, якая вось ужо больш чвэрці стагоддзя – суверэнная дзяржава, і абавязак кожнага земляка – захоўваць здабытую ў баях свабоду, рабіць наш край багатым і квітнеючым. Мы многага дасягнулі ў гэтым накірунку, але ж колькі яшчэ трэба зрабіць.

Д.Раманоўскі

Выборы-2018
2017
Витебский облисполком
Физкультурно-оздоровительный комплекс "Юность-Ушачи"
ХIХ Всемирный фестиваль молодежи и студентов в Сочи
 Ушачская районная газета "Патрыёт"
70-летие
Санаторий "Лесные озёра"
Мемориальный комплекс «Прорыв»
Единый портал электронных услуг
Концепция национальной безопасности Республики Беларусь
Единый государственный реестр сведений о банкротстве
Электронная торговая площадка ТОРГИБЕЛ
фодн мира
Официальный интернет-портал Президента Республики Беларусь
Символика
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
Единый государственный регистр юридических лиц и индивидуальных предпринимателей
Директива №4
Институт