• Физкультурно-оздоровительный комплекс "Юность-Ушачи"Физкультурно-оздоровительный комплекс "Юность-Ушачи"
  • Панорама УшачиПанорама Ушачи
  • Обряд "Зажинки"Обряд "Зажинки"
  • Костёл св. Лаврена в г.п. Ушачи и городская танцплощадкаКостёл св. Лаврена в г.п. Ушачи и городская танцплощадка
  • Памятник погибшим воинам и партизанам в г.п. УшачиПамятник погибшим воинам и партизанам в г.п. Ушачи
  • музей народной славы имени Героя Советского Союза В.Е.Лобанкамузей народной славы имени Героя Советского Союза В.Е.Лобанка
  • Мемориальный комплекс «Прорыв»Мемориальный комплекс «Прорыв»
Главная -  Новости -  Новости района

КАЦЯЛОК, “КАКЕТКА” І БЛІНЫ З ВІШАНКАЙ

03.03.2020

Хоць і перакрылі нядзельнай масленічнай раніцай супрацоўнікі ДАІ аўтамабільны рух у цэнтры Ушач, ды транспарт па плошчы ўсё ж мітусіўся. Праўда, прэтэнзій да “парушальнікаў” ніхто не прад’яўляў: джыпамі кіравалі зусім “зялёныя” вадзіцелі – малышы пад прыглядам бацькоў з захапленнем апрабоўвалі новую паслугу спарткомплексу.

Прывілеі атрымаў і яшчэ адзін удзельнік дарожнага руху: конік Вішня жвава катаў па наваколлі вясёлыя кампаніі дзяцей і дарослых. “Які прыгожы экіпаж, і кошт зусім сімвалічны, у горадзе такія паслугі куды даражэйшыя!” – пакуль трохгадовая Каця Маляўкіна ўладкоўвалася на сядзенні, яе мама Ганна ахвотна дзялілася з намі прыемнымі ўражаннямі. Мы ж, канечне, не ўпусцілі магчымасць пазнаёміцца і з гаспадарамі запатрабаванага “атракцыёну”. Ігар і Аня Свідзінскія раней жылі ў Шаркаўшчынскім раёне, але год таму перасяліліся бліжэй да радзімы мужа Мосаршчыны, купілі дом у Строктах. Вішанка, атрымаўшая мянушку па сваім колеры, у сям’і маладых ветэрынараў з’явілася яшчэ жарабём: спрытная яна і ў сельгасработах, і ў святочных справах – раней катала шаркаўшчынскіх дзетак, цяпер жа дорыць радасць ушацкім.

Зрэшты, на Масленіцы пануе такая атмасфера, што і дарослыя нібы вяртаюцца ў дзяцінства. З якім запалам удзельнічаў у баях мяхамі на бервяне, арганізаваных вялікадолецкімі культработнікамі, ушачанін Васіль Алексяёнак, а як лоўка з завязанымі вачамі ён ухапіў вілкамі кацялок з фанернай печы! На пытанне ж, адкуль такі спрыт, мужчына ўсміхнуўся: “З турслётаў. Калі працаваў у банку, быў пастаянным членам каманды!” “Зарабляем цукеркі!” – паведамілі дзяўчаткі, што намагаліся дакладна кінуць з патэльні ў міску бутафорскі блін – шэраг арыгінальных конкурсаў падрыхтаваў раённы цэнтр дзяцей і моладзі. А якіх дзяўчат з блінамі мы ўбачылі на багатым святочным стале, што прэзентавалі вясковыя культработнікі! Праўда, тут ужо было наадварот: бліны – сапраўдныя, а дзяўчаты – штучныя. “У нашай работніцы Святланы Карповіч чацвёра дзетак і, адпаведна, безліч лялек – вось мы з бібліятэкарам Ірынай Марковіч і прыдумалі апрануць іх у блінна-бальныя сукенкі!” – тлумачыць загадчык Плінскага сельскага клуба Вера Дрозд.

Адмысловыя лялькі, праўда, неядомыя, затое з усімі належнымі старажытнымі атрыбутамі, пашыла да Масленіцы і кіраўнік клуба народных майстроў і мастакоў “Адраджэнне” Святлана Спірыдонава. Сувеніры, вырабленыя майстрамі аб’яднання, Дома рамёстваў, гурткоўцамі аддзяленняў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва, карысталіся попытам ва ўдзельнікаў народнага свята. Ахвотна частаваліся людзі і рознымі прысмакамі, на якія заўсёды багата Масленіца.

А якія каларытныя песні, ліхія прыпеўкі гучалі са сцэны! Вясёлыя вядучыя Кірыл Шалыга і Ірына Байрамава энергічна кіравалі праграмай, выклікалі на падмосткі сваіх калег-культработнікаў і самадзейныя творчыя калектывы. “Падзелімся з гледачамі святочным настроем!” –  абяцамі ўдзельніцы гурта “Веркужаначка”, якія ў сваіх каляровых святочных ўборах выглядалі сапраўднымі прыгажунямі. І цяжка было ўстаяць на месцы, калі на плошчу выйшлі юныя танцоры калектыва “Спадчына”, які нядаўна трыумфальна прадставіў раён на абласным фальклорным конкурсе! Наш жа святочны “багаж” папоўніўся яшчэ адным знаёмствам: васьмікласнік Ушацкай школы Кірыл Лягчылін аказаўся прыемным суразмоўцам і шчыра прызнаўся, што марыць звязаць з танцамі свой лёс. Хлопец вельмі мэтанакіраваны: хоць жыве ў няблізкай вёсцы Салонец, не прапускае ніводнай рэпетыцыі. “Вось атрымаю прафесію харэографа і вярнуся ва Ушачы, каб вучыць дзяцей, як наша Галіна Сяргееўна Рудзёнак!” – дзеліцца планамі юны танцор. У нас жа ніякіх сумненняў на гэты конт не ўзнікла, бо Кірыл тут жа правёў свой першы майстар-клас – навучыў нас некалькім рухам свайго любімага танца “Какетка”.

Ну а на плошчы тым часам ладзіўся фінальны акорд свята: языкі полымя ў імгненне ахапілі чучала зімы, разам з якім, як меркавалі нашы продкі, сышлі ў нябыт усялякія нягоды. Сёлетні халодны сезон не надта спраўдзіў сваю назву і не парадаваў нас зімовымі атрыбутамі і забавамі. Але ж мы, канечне, даруем зіме яе залішнюю лагоднасць. І будзем спадзявацца, што вясна і лета нашы чаканні не ашукаюць!

Н.БАГДАНОВІЧ.