• Физкультурно-оздоровительный комплекс "Юность-Ушачи"Физкультурно-оздоровительный комплекс "Юность-Ушачи"
  • Панорама УшачиПанорама Ушачи
  • Обряд "Зажинки"Обряд "Зажинки"
  • Костёл св. Лаврена в г.п. Ушачи и городская танцплощадкаКостёл св. Лаврена в г.п. Ушачи и городская танцплощадка
  • Памятник погибшим воинам и партизанам в г.п. УшачиПамятник погибшим воинам и партизанам в г.п. Ушачи
  • музей народной славы имени Героя Советского Союза В.Е.Лобанкамузей народной славы имени Героя Советского Союза В.Е.Лобанка
  • Мемориальный комплекс «Прорыв»Мемориальный комплекс «Прорыв»
Главная -  Новости -  Новости района

Каб натхнялі заробкі і радаваў быт

05.12.2019

Гэтым летам на ўшацкія прадпрыемствы і ў арганізацыі прыйшло 66 выпускнікоў навучальных устаноў. Зараз гэтая лічба крыху паменела, аднак прычыны на тое выключна паважлівыя: некалькі чалавек адправіліся на вайсковую службу, паступілі ў ВНУ, адна дзяўчына аформіла дэкрэтный водпуск. Усе ж астатнія сабраліся напачатку гэтага тыдня на сустрэчу з кіраўніцтвам раёна, каб пазнаёміцца, абмеркаваць першыя ўражанні, агучыць праблемы.

А яны, канечне, ёсць: кагосьці “не натхнілі” заробкі, асобных не задавальняюць жыллёвыя ўмовы, а нехта проста не можа прыстасавацца да жыцця ў глыбінцы. Усе складанасці адаптацыйнага перыяду маладыя спецыялісты змаглі дэталёва абмеркаваць падчас гутаркі з намеснікамі старшыні райвыканкама, што курыруюць іх сферы дзейнасці. Аб гатоўнасці паспрыяць вырашэнню любых узнікаючых праблем казаў і кіраўнік раёна У.Г.Аўдошка. Ён настойліва раіў моладзі не саромецца і агучваць тое, што хвалюе. Прычым, куды больш канструктыўна адразу звяртацца да адміністрацыі, раённага кіраўніцтва, а не выпячваць праблемы ў тых жа сацыяльных сетках. Таксама Уладзімір Генадзьевіч выказаў пажаданне, каб маладыя спецыялісты не спяшаліся з вывадамі і абдумалі перспектыву застацца тут. Нагадаў, у прыватнасці, пра тое, што наш раён – адзін з самых экалагічна чыстых у краіне, а гэты аспект вельмі важны для здароўя будучых дзяцей. “Сёлета да нас нават звярталіся людзі са сталіцы, якія маюць намер пасяліцца на Ушаччыне і адсюль дыстанцыйна ажыццяўляць IT-дзейнасць”, – прывёў красамоўны прыклад У.Г.Аўдошка. Ну а што датычыцца перспектыўных напрамкаў развіцця раёна, то, па яго меркаванні, яны звязаны з экспартам паслуг, выкарыстаннем прыродна-турыстычнага патэнцыялу. Не застанецца без увагі і сельгасвытворчасць – пра што сведчаць новыя праекты, якія рэалізуюцца ў раёне. “Інвестары пакуль асцярожнічаюць, але першыя ластаўкі ўжо ёсць”, – канстатаваў Уладзімір Генадзьевіч.

Шмат карыснай інфармацыі атрымала працоўная моладзь і ад запрошаных на сустрэчу спецыялістаў. На пытаннях сацыяльна-прававой абароны сканцэнтравала ўвагу галоўны юрысконсульт райвыканкама Г.Г.Кандрацкая. Нагадала, у прыватнасці, пра кампенсацыю выдаткаў на пераезд у другую мясцовасць для сямей маладых спецыялістаў, пра даплаты тым з іх, хто размеркаваўся на прадпрыемствы сферы АПК. Аб нюансах пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, прадстаўлення жылля камерцыйнага выкарыстання паведаміў загадчык сектара ЖКГ райвыканкама С.П.Дымман. Пра тое, што выпускнікі могуць узяць крэдыт на набыццё дамашняй маёмасці і тавараў першай неабходнасці, расказала прадстаўнік “Беларусбанка” В.В.Струй, а яе калега з “Белаграпрамбанка” М.П.Ганчаронак спыніўся на магчымасцях сучасных тэхналогій. Так, напрыклад, усіх зацікавіла навінка банка – бескантактныя плацежныя кольцы, з дапамогай якіх можна разлічвацца ва ўсіх ушацкіх тэрміналах. А яшчэ Мікалай Пятровіч даў моладзі параду асабіста ад сябе: “Зарабляючы на жыццё, не прапусціце само жыццё!”.

Пра тое, як напоўніць уражаннямі вольны час, расказалі лідар саюзнай моладзі раёна К.Гарадко, загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама С.І.Ціханёнак, работнік раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Д.П.Пенкальская. “У далёкім 88-м я сама прыйшла ў раён у якасці маладога спецыяліста і ніколькі не шкадавала, што засталася тут”, – прызналася Дзіна Паўлаўна.

Якія ж першыя ўражанні ад пачатку кар’еры ў саміх навічкоў? Таццяна Цэрлюк і Алена Шастак сёлета скончылі Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажыўкааперацыі і размеркаваліся ва Ушацкае райспажыўтаварыства. Паколькі дзяўчаты родам з Глыбокага і Браслава, давялося шукаць здымную кватэру. Умовы пакуль не ідэальныя, але мяркуюць, што з цягам часу наладзяць больш утульны быт. Няпроста і спасцігаць азы прафесіі. Таццяне, як юрысконсульту, адразу давялося займацца пытаннямі, што датычыцца рэарганізацыі таварыства. Лена – бухгалтар “Харчгандлю”, карпатліва асвойвае тонкасці справы пад кіраўніцтвам галоўнага бухгалтара Юліі Васільеўны Шах. З правядзеннем вольнага часу дзяўчаты пакуль не вызначыліся. “Зацікавіла інфармацыя, што на спарткомплексе працуе група па пілатасе. Магчыма, паспрабуем туды запісацца!”.
А вось Дарья Літвінава для свайго статусу маладога спецыяліста выглядае дастаткова ўпэўненай. Зрэшты, у прафесіі ўрача без гэтай якасці не абысціся. Малады неўролаг часу на “раскачку” зусім не атрымала: літаральна з першых працоўных дзён давялося прымаць пацыентаў у паліклініцы, аглядаць хворых у бальніцы. Расказвае, што ў рабоце заўсёды можа звярнуцца па дапамогу да вопытных урачоў А.В.Паншына, Н.В.Дрозд, медыцынскай сястры С.Ф.Лемеш, іншых калег. Былі ўжо і складаныя выпадкі: нядаўна, напрыклад, разам з урачом-інфекцыяністам ставілі дыягназ дзіцяці, у якога ўзніклі ўскладненні пасля вятранкі. Вызначылася Даша ўжо і ў асабістым жыцці, стварыўшы сям’ю. Жыве пакуль з бацькамі, але разам з мужам яны мараць пабудаваць ва Ушачах свой дом.

Хочацца, каб задумы ажыццявіліся і ў яе, і ва ўсіх маладых хлопцаў і дзяўчат, а іх працоўны стаж у нашым раёне не абмежаваўся абавязковым тэрмінам.

Н.Багдановіч