• Фізкультурна-аздараўленчы комплекс "Юнацтва-Ушачы" Фізкультурна-аздараўленчы комплекс "Юнацтва-Ушачы"
  • Панарама Ушачы Панарама Ушачы
  • Абрад "Зажынкі" Абрад "Зажынкі"
  • Касцёл св. Лаўрэна ў г.п. Ушачы і гарадская танцпляцоўка Касцёл св. Лаўрэна ў г.п. Ушачы і гарадская танцпляцоўка
  • Помнік загінулым воінам і партызанам у г.п. Ушачы Помнік загінулым воінам і партызанам у г.п. Ушачы
  • музей народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка музей народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка
  • Мемарыяльны комплекс «Прарыў»Мемарыяльны комплекс «Прарыў»
Галоўная -  Навіны -  Навіны раёна

Вёслы, карта і шлях Банапарта

03.08.2022

Прыдзвінне славіцца сваімі вадаёмамі: адных толькі азёр у нас 2300! Такім патэнцыялам для развіцця воднага турызму не можа пахваліцца ніводны рэгіён. Спрадвеку нашы продкі добра ўпраўляліся з вёсламі, а ці ёсць такія навыкі ў сучаснага пакалення? Высветліць гэта меў на мэце водны паход для працуючай моладзі Віцебшчыны, які ладзіўся ў Гарадоцкім раёне напрыканцы мінулага тыдня. Удзел у захапляльным мерапрыемстве, якое, дарэчы, было прысвечана Году гістарычнай памяці, узяла і ўшацкая каманда.

Праграма складалася з трох этапаў. На першым – турыстычным – трэба было на байдарцы прайці маршрут па возеры Лосвіда, зрабіўшы фотаздымкі зададзеных аб’ектаў. Нашу каманду тут прадставілі Святлана Краснова і Андрэй Бараніч. І ўжо на старце стала зразумела, што яны будуць фаварытамі: пакуль іншыя спрабавалі знайсці рытм веславання, ушачане ўжо сфатаграфавалі першы аб’ект!

Арыентаваліся па карце і намагаліся рухацца бліжэй да берагоў, дзе былі меншыя хвалі, а пра тое, як праз трыснёг трапіць у другую частку вадаёма, запыталіся ў мясцовых рыбакоў”, – пракаменціравалі свае прыгоды нашы землякі. На маршруце яны правялі дзве з паловай гадзіны, а бліжэйшаму дуэту прывезлі на фінішы аж 10 мінут! Вядома ж, мы пацікавіліся ў пераможцаў, адкуль у іх такія навыкі веславання. Андрэй прызнаўся, што спрабаваў раней плаваць на байдарцы ­– праўда, было гэта больш 10 год таму. Як бачна, спрыт не страціў, ну а добрую фізічную форму супрацоўнік МНС павінен мець заўсёды. Яго ж напарніца правяла ў лодцы на Вяркудскім возеры лічы што ўсё дзяцінства: тата Васіль Аляксандравіч Красноў заўсёды браў дачку з сабой на рыбалку. “Дзякуючы яму я моцная і вынослівая!” – усміхаецца дзяўчына, якая, дарэчы, і прафесію атрымала адпаведную: займаецца фізічным выхаваннем ушацкіх школьнікаў.

Пакуль жа байдарачнікі змагаліся з хвалямі, астатніх удзельнікаў чакала не менш складанае выпрабаванне: падарожжа па так званай “Сцяжыне Напалеона”. Гэта экстрэмальны турыстычны маршрут працягласцю каля 9 кіламетраў. “Нават не ўяўлялі, як будзе няпроста! На асобных участках давялося прабірацца па калена ў гразі, ну а кульмінацыяй стаў пераход праз возера ўброд па падводнай дарозе, падчас якога мы ледзь не па шыю былі ў вадзе! Пры гэтым побач са “сцяжынай” глыбіня складала каля 10 метраў! Уяўляеце, які гэта быў адрэналін, асабліва для нашай удзельніцы Насці Пугачовай, якая не ўмее плаваць. Але ж падвесці каманду было нельга, да таго ж мы пастаянна дапамагалі адзін аднаму!” – падзяліўся ўражаннямі культработнік Кірыл Шалыга. Наша каманда, у якой былі таксама выратавальнік Міхаіл Ярмош і прадстаўнік Дэпартамента аховы Віталь Жогаль, паспяхова справілася з заданнем.

Завяршальным жа стаў трэці этап – забаўляльная спартландыя з разнастайнымі конкурсамі. Ушачанам, напрыклад, трэба было выканаць ваенную песню – і наш спантанны хор бадзёра праспяваў знакамітую “Кацюшу”. Без складанасцяў прыгадалі ўшачане і словы трэцяга куплета нацыянальнага гімна (такім было яшчэ адно заданне), ну а ў вымаўленні скарагаворак з нашым Кірылам, напэўна, не змог бы паспрачацца ніводны з удзельнікаў. Спартландыя прынесла ўшачанам другое месца, а па суме ўсіх этапаў каманда стала лепшай!

“Гэты дзень прынёс столькі эмоцый, так моцна нас згуртаваў! – падзяліліся ўражаннямі ўшачане. – Напэўна, мы доўга будзем успамінаць, як трымаліся за рукі, каб не ўпасці ў ваду, як пасля паходу нашы красоўкі паляцелі ў урну, з якім гонарам узнялі над галавой кубак пераможцаў! Ну і, канечне, цяпер мы дакладна ведаем, што водны турызм – гэта тое, што трэба для цікаўных і няўрымслівых людзей!”

Навукоўцы мяркуюць, што “дарогу” праз Лосвіда стварыла сама прырода, умоўна падзяліўшы яго на дзве часткі. Магчыма, узвышша падсыпалі па загадзе мясцовага пана (да рэвалюцыі на берагах возера было аж чатыры маёнтка). У 1812-м праз Лосвіда па падводнай сцяжыне прайшлі часці французскага войска: праўда, дакладна невядома, было гэта ў час паходу на Маскву, ці ўжо пры адступленні. Восенню 1943-га схаваны шлях дапамог нашым танкістам выканаць загад па вызваленні вёскі на левым беразе: мясцовы жыхар паказаў ім праезд і сем танкаў “выплылі” з хваль зусім нечакана для ворага. Дарога перыядычна выкарыстоўвалася вяскоўцамі да 80-х, а зараз стала турыстычнай славутасцю.