• Фізкультурна-аздараўленчы комплекс "Юнацтва-Ушачы" Фізкультурна-аздараўленчы комплекс "Юнацтва-Ушачы"
  • Панарама Ушачы Панарама Ушачы
  • Абрад "Зажынкі" Абрад "Зажынкі"
  • Касцёл св. Лаўрэна ў г.п. Ушачы і гарадская танцпляцоўка Касцёл св. Лаўрэна ў г.п. Ушачы і гарадская танцпляцоўка
  • Помнік загінулым воінам і партызанам у г.п. Ушачы Помнік загінулым воінам і партызанам у г.п. Ушачы
  • музей народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка музей народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка
  • Мемарыяльны комплекс «Прарыў»Мемарыяльны комплекс «Прарыў»
Галоўная -  Навіны -  Навіны раёна

Перад подзвігам продкаў галовы схіляем і дастойна іх шлях на зямлі прадаўжаем

10.05.2019

         Мемарыяльны комплекс “Прарыў” неаднойчы станавіўся цэнтрам абласных святаў у гонар Вялікай Перамогі.  Пасля рэканструкцыі ў 2016 годзе яны сталі штогадовымі і адбываюцца ў дату прарыву варожай блакады. Сёлета ж, калі мінула 75 год з той падзеі і 45 з адкрыцця мемарыяла, адбылася вялікая  ўрачыстасць з  шэрагам прымеркаваных да юбілеяў мерапрыемстваў і мноствам ганаровых гасцей. 4 мая раздзяліць з ушачанамі свята прыехалі старшыня палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў, наш дэпутат у аблсавеце Аляксандр Сяргеевіч Даніловіч, прадстаўнік рэгіёна ў Савеце Рэспублікі, старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шаўчук, кіраўнікі іншых суседніх раёнаў.

 Адкрыў мітынг У.П.Андрэйчанка. Ён выдатна ведае гісторыю партызанскай рэспублікі: у свой час стварыў на Лёзненшчыне музей легендарнага камбрыга А.Ф.Данукалава, падчас наведвання нашага раёна абавязкова цікавіўся ходам рэканструкцыі мемарыяла. “Менавіта тут адбылася адна з самых вялікіх карных аперацый фашыстаў. Па іх задуме на Ушаччыне павінна была застацца толькі выпаленая зямля. А нашы продкі выстаялі цаной нечалавечых намаганняў, вывелі з варожага кола 15 тысяч мірных жыхароў. Мы ў неаплатным даўгу перад імі... І выдатна, што сёння на свяце так многа моладзі – пакуль маладыя людзі памятаюць сваю гісторыю, у  краіны ёсць будучыня”, – падкрэсліў Уладзімір Паўлавіч.

Гісторыя Ушаччыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны сапраўды ўнікальная. Таму і параўнаў У.У.Цярэнцьеў прарыў блакады брыгадамі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны са Сталінградскай бітвай і абаронай Масквы. Ён прыгадаў, што народныя мсціўцы падчас Вялікай Айчыннай кантралявалі 23 зоны – пяць з іх – у Віцебскай вобласці, і самая вялікая – на Ушаччыне.

Пра гераічны шлях партызанскай рэспублікі расказаў у сваім выступленні і старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. І прыгадаў, што гарадскі пасёлак Ушачы – адзін з нямногіх гарадоў Беларусі, якія ўдастоены вымпела “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Гэты ганаровы сімвал і ўзначальваў, як заўсёды, святочнае шэсце.

“Брыгада імя Чапаева... наша! Смаленскі полк – сур’ёзнае баявое фарміраванне было”, – ветэран Вялікай Айчыннай С.Н.Хацкевіч павольна падымаўся на мемарыял, чытаючы назвы брыгад і вяртаючыся ў 1944-ы. Прыгадваў таварышаў, свой апошні, задоўга да рэканструкцыі, візіт на “Прарыў”. А ўбачыўшы на сцяне надпіс “Першая антыфашысцкая”,  ажывіўся яшчэ больш: “Камбрыга Гіль-Радыёнава я бачыў 5 мая, пасля прарыву, ён паранены быў, але даваў распараджэнні. А вось 4 мая я бег не тут, а метраў 300 правей. З супрацьтанкавай гранатай у руках і вырванай чакой. Калі б паваліўся… Але больш за ўсё баяўся трапіць у палон”. Многае з гэтага ўраджэнец аграгарадка Глыбачка раскажа, выступаючы на мітынгу. Шчымлівым атрымаўся аповед, асабліва таму, што аздобіў яго Сяргей Навумавіч уласнымі вершамі, якіх у ветэрана, што ў мірны час узначальваў Полацкі вузел сувязі, аказалася многа. Нягледзячы на свае 92, ён бадзёры, як і старэйшы за яго на два гады Мікалай Піліпавіч Сушкоў. Падпалкоўнік, былы кадравы ваенны не партызаніў, быў танкістам, разведчыкам, дайшоў да Берліна. Але разам з прадстаўнікамі Полацкай ветэранскай арганізацыі прыехаў на наша свята.

На жаль, зусім мала было на ўрачыстасці ўшацкіх сведкаў тых падзей – толькі Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня і былы вязень Пётр Мечыслававіч Мажэйка. Зразумела, удзельнікі Вялікай Айчыннай аказаліся ў цэнтры ўвагі: ім адрасавалі словы падзякі, падносілі букеты, паціскалі рукі. А С.Н.Хацкевічу У.У.Цярэнцьеў уручыў грамату абласнога Савета дэпутатаў.

Хоць і не планавалася на мемарыяле акцыя “Беларусь памятае”, былі ўсё ж людзі з партрэтамі родных франтавікоў. Маладая жанчына падыходзіла да партызан, дзякавала за перамогу і пыталася: “Мабыць, сустракаліся? Алег Іванавіч Зіппельт, прозвішча рэдкае, а ў брыгадзе Садчыкава было адразу пяць чалавек з такім. Мой дзед Іван Пятровіч, бацька і тры яго стрыечных браты, якіх дзядуля таксама ўзяў у атрад. Азін з іх, Уладзімір Рыгоравіч, служыў разам з легендарным  Міхаілам Ягоравым, які ўзняў над рэйхстагам Сцяг Перамогі”. Чатыры гады таму Вольга Зіппельт аднавіла для сябе ваенны шлях бацькі, а сёлета спецыяльна прыехала ў незнаёмыя для яе Ушачы на святкаванне 75-й гадавіны з дня прарыву блакады. З Мурманскай вобласці. Адна. Яна фатаграфавалася на “Прарыве”, уважліва разглядала выставы ў скверы гарпасёлка, а зацікавіўшыся кнігай “Памяць. Ушацкі раён”, пайшла купляць яе, хоць  малой радзімай  бацькі з’яўляецца Аршаншчына.

 Няспешна прагульваліся па зялёнай зоне мемарыяла, дзе праходзілі паказальныя мерапрыемствы, прадстаўнікі трох пакаленняў сям’і Чаркоўскіх  з Полацка. Ніхто з іх блізкіх не пахаваны тут, а на святы на “Прарыў” прыязджаюць часта, ды і з ваеннымі падзеямі добра знаёмы. “Сусед Пётр Іванавіч Дзярыба быў удзельнікам прарыву, нават Лабанка аднойчы выратаваў, пра яго напісана ў кнізе “У імя радзімы”. Нашы госці падпісалі святочную паштоўку, салдацкай кашы паспыталі, пабачылі выступленні ваенна-патрыятычнага клуба “Русічы” з Оршы, сваіх землякоў – юных полацкіх краязнаўцаў, а таксама прадстаўленне брэнду Ушацкага раёна.

Як заўсёды ўпрыгожвалі святочную  калону машыны ДТСААФ. “Мы пастаянна ладзілі выезды па месцах баявой славы, ну а на мемарыял прыязджаем пяты раз”, – гаворыць кіраўнік абласной структуры і наш зямляк Васіль Васільевіч Корабаў. Раней гэта былі самастойныя мерапрыемствы арганізацыі, зараз – частка агульнай праграмы. Машыны, упрыгожаныя флагамі краіны, вобласці, Ушацкага раёна, – з розных рэгіёнаў Віцебшчыны, але пераважна з Наваполацкага ДТСААФ, якое ўзначальвае таксама ўшачанін Аляксандр Сцяпанавіч Чапельнікаў. Ці трэба казаць, што для яго, дарэчы, дэпутата Ушацкага сельскага Савета дэпутатаў, на тэрыторыі якога і знаходзіцца “Прарыў” – справа гонару сабраць вялікую калону. Ну а сёлета іх арганізацыя запускала перад фізкультурна-аздараўленчым комплексам дроны, паветранага змея – забаўляла юных ушачан.

Задзейнічаны былі  на свяце і  курсанты Полацкага кадэцкага вучылішча, якія выканалі прыгожую кампазіцыю з флагамі. А таксама вайскоўцы часці ў Заслонаве, што неслі партрэты камбрыгаў. Сярод іх – Ігар Рубанік з Мосара. Ён не хаваў радасці і ад удзелу ў маштабным мерапрыемстве, і ад пазапланавай сустрэчы з бацькамі. Ну а танец ці нават харэаграфічную кампазіцыю па матывах франтавых песень бліскуча выканалі артысты ансамбля “Лявоніха”. Наогул нумароў было многа – адточаных, прыгожых. Няўдзячная гэта справа, апісваць выступленні артыстаў, лепш убачыць самім, што вы і можаце зрабіць, зазірнуўшы на ютуб-канал газеты “Патрыёт”.

 А распачатыя на мемарыяле мерапрыемствы працягваліся ў гарпасёлку. Туды ж перамясціліся і ўдзельнікі вела- і мотапрабегу, якія нягледзячы на халоднае надвор’е, прыехалі з Глыбокага, Чашнік, Докшыц. Анатоль Швец прымацаваў на люльку “Урала” партрэт жончынага дзеда, а сабраўшымся вакол выставы рэтра-матацыклаў людзям паказваў “Франтавы сшытак” Дзям’яна Уладзіміравіча Крупені. Адкуль заснавальнік клуба “Саюзнае кола” з Глыбокага, а дакладней тых, хто цікавіцца старымі матацыкламі, знаёмы з ушацкім  мастаком? Свет, сапраўды,  цесны. “Цешча мая Тамара Паўлаўна Залатухіна з Ушач – швагерка Д.У.Крупені. А баявы шлях усіх сваіх родных ведаю. Нават адшукаў нядаўна, дзе загінуў дзед, які доўгі час лічыўся прапаўшым без вестак”. Разам з бацькам прыехаў на матацыкле на свята  школьнік з суседняга глыбоцкага раёна Даніла Адзінец. Ад 8 да 65 год складаў узрост удзельнікаў спартыўнага клуба “Скіна”: па ўласнай ініцыятыве аматары з Чашнік наведваюць на веласіпедах месцы баявой славы, такім чынам вывучаючы гісторыю.

З рознымі людзьмі пазнаёмілася падчас гэтага свята. Апантанымі, цікаўнымі, глыбокімі. А калі пачула страшную вестку пра гібель людзей рэйса Масква-Мурманск, адразу падумала пра Вольгу Зіппельт і ўзрадавалася, калі не знайшла яе ў спісах. Гэты чалавек, якога бачыла першы і мабыць апошні раз у жыцці, стаў блізкім за некалькі хвілін. За непадробную цікаўнасць да Ушаччыны, нашу агульную гісторыю, за даніну памяці мужнаму пакаленню франтавікоў. Яны перамаглі, бо былі разам, плячо ў плячо, незважаючы на нацыянальнасці. І выдатна, што цікаўнасць да тых падзей не знікае. Мне падалося, што нават расце.

В.Караленка.

2018 год - ГОД МАЛОЙ РАДЗІМЫ
Віцебскі аблвыканкам
80 гадоў Віцебскай вобласці
Фізкультурна-аздараўленчы комплекс "Юнацтва-Ушачы"
 Ушацкая раённая газета "Патрыёт"
Дэкрэт №3 "Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва"
УШАЦКАЯ РАЁННАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ РГА «БЕЛАЯ РУСЬ»
70-годдзе
Санаторый "Лясныя азёры"
Мемарыяльны комплекс «Прарыў»
Адзіны партал электронных паслуг
Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь
Адзіны дзяржаўны рэестр звестак аб банкруцтве
Электронная гандлёвая пляцоўка ТАРГІБЕЛ
Фонд міру
Прафілактыка насілля ў сям'і
Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Сімволіка
Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь
 Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў
Дырэктыва №4
Інстытут